пятніца 12 Верасень
Прысутнасць
Хвілінку паразважаю над прысутнасцю Бога вакол мяне і ўва мне.
Стварыцель сусвету, сонца і месяца, зямлі,
кожнай малекулы, кожнага атама, усяго, што ёсць:
Бог у кожным удары сэрца. Бог са мной – цяпер.
Свабода
З Божай ласкі я нарадзіўся/нарадзілася, каб жыць у свабодзе,
атрымліваць асалоду ад дабротаў, якія Ён стварыў для мяне.
О Пане, дай мне жыць паводле Тваёй задумы,
напоўніцу давяраючы Тваёй любові.
Усведамленне
Дапамажы мне, Пане, лепш усведамляць Тваю прысутнасць.
Навучы мяне распазнаваць Тваю прысутнасць у іншых.
А сэрца напоўні ўдзячнасцю за выпадкі, калі Ты дзейнічаў праз іншых людзей, выяўляючы нязмерную любоў і клопат.
Божае слова
Лк 6:39-4239 І расказаў ім такую прыпавесць: «Хіба можа сляпы вадзіць сляпога? Ці ж не зваляцца абодва ў яму? 40 Вучань не большы за настаўніка. Але кожны добра падрыхтаваны стане такім, як яго настаўнік. 41 Чаму бачыш шчэпку ў воку брата свайго, а бервяна ў сваім воку не заўважаеш? 42 Як ты можаш казаць брату свайму: “Браце, дай, я выму шчэпку з вока твайго”, калі сам не бачыш бервяна ў сваім воку? Крывадушнік, спачатку вымі бервяно са свайго вока, і тады ўбачыш, як выняць шчэпку з вока твайго брата.
Разважанне да Божага слова
Бог, пастанавіўшы стаць чалавекам дзеля збаўлення чалавечага роду, адначасова пастанавіў, што Ён народзіцца ад жанчыны, каб быць адным з нашага роду. Для выканання сваіх задум Бог ад вечнасці выбраў стварэнне, якому Ён свабодна прадвызначыў узнёслую годнасць Маці Слова, а таксама каб Яна была атрымальнікам усіх тых прэрагатыў прыроды і ласкі, якіх патрабуе такая высокая роля. Па гэтай прычыне Бог пажадаў узняць гэтае прывілеяванае стварэнне не толькі над усімі людзьмі, але і над усімі хорамі анёлаў. Благаслаўлёнае Яе Імя было вымаўлена Богам у самым акце прадвызначэння гэтага цудоўнага стварэння. Больш за тое, мы можам верыць, што Ён сам падказаў яго бацькам гэтага ўлюбёнага Дзіцяці, калі надышоў час Яе нараджэння. Гэта імя – Імя Марыі.
Благаслаўлёнае і святое Імя Марыі! Ты для маёй душы крыніца бязмежнай радасці: саладзейшае за мёд і больш прыемнае для слыху, чым самая вытанчаная мелодыя.
О Марыя, мая чулая Маці, упішы Імя сваё разам з Іменем Езуса як найглыбей у маё сэрца. Выпрасі для мяне ў Бога ласку на маю апошнюю гадзіну, каб я з жывой верай і гарачай любоўю вымавіў Тваё благаслаўлёнае Імя і Імя Твайго Сына, каб праз гэтыя святыя Імёны ворагі майго збаўлення былі разгромлены, і я мог аддаць душу ў рукі Нябеснага Айца. Амэн.
(Кардынал Алексіс Лепіс'е, OSM)
Размова
Памятаючы, што я ў прысутнасці Бога,
уяўляю Езуса побач
і кажу ўсё, што цяпер маю на думцы і на сэрцы,
размаўляючы як сябра з сябрам.
Заканчэнне
Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому.
як было спрадвеку,
цяпер і заўсёды,
і навекі вечныя. Амэн.
Амэн
Copyright © 1999-2025 Sacred Space. All rights reserved.
Прастора малітвы – гэта праект ірландскіх езуітаў.