пятніца 7 Лістапад
Прысутнасць
Калі я прыходжу да Цябе, Пане,
Я ведаю, што знаходжуся ў прысутнасці майго Стварыцеля.
Ты стварыў мяне з любові.
Ты ведаеш нават, колькі валасоў у мяне на галаве.
Твая прысутнасць, о Пане, – найвялікшы дар.
Свабода
Напоўні мяне Духам Тваім Святым, Пане,
дзеля ўнутранай свабоды.
Няхай Твой Дух узбудзіць у сэрцы
жаданне ведаць і любіць Цябе з кожным днём усё больш.
Усведамленне
Учыні, Езу, каб я заўсёды адчуваў Тваю прысутнасць,
Тваю моц і любоў,
ва ўсе дні жыцця майго.
Божае слова
Лк 16:1-81Казаў таксама вучням сваім: «Адзін багаты чалавек меў эканома, на якога данеслі яму, што растрачвае маёмасць яго. 2Той, паклікаўшы яго, сказаў яму: “Што гэта я чую пра цябе? Зрабі справаздачу пра кіраванне сваё, бо ўжо не можаш быць эканомам”. 3Тады эканом сказаў сам сабе: “Што мне рабіць, бо гаспадар мой адбірае ў мяне кіраўніцтва домам? Капаць не маю сілаў, жабраваць саромеюся. 4Ведаю, што зрабіць, каб людзі прынялі мяне ў дамы свае, калі адхілены буду ад кіраўніцтва домам”. 5Паклікаўшы асобна кожнага з даўжнікоў свайго гаспадара, ён сказаў першаму: “Колькі ты павінен гаспадару майму?” 6Той сказаў: “Сто кадзяў алею”. Тады сказаў яму: “Вазьмі сваю распіску, сядай хутчэй і напішы пяцьдзясят”. 7Потым другому сказаў: “А ты колькі павінен?” Той сказаў: “Сто кор пшаніцы”. І яму сказаў: “Вазьмі сваю распіску і напішы восемдзесят”. 8І пахваліў гаспадар несправядлівага эканома, што ён разумна ўчыніў. Бо сыны гэтага веку мудрэйшыя за сыноў святла ў адносінах да свайго пакалення.
Разважанне да Божага слова
Чытаючы ўрывак першы раз, можна падумаць, што наш Пан хваліць дзеянні несправядлівага кіраўніка, але ў апошнім радку мы бачым, што той супрацьпастаўлены дзецям святла. Мы — тыя, каму было дадзена святло праўды і няпростае заданне выкарыстоўваць гэты дар найлепшым чынам. Як мы рыхтуем сябе да вечнасці? Ці карыстаемся дабротамі для таго, каб расці ў веры, ведах і любові да Езуса Хрыста? Ці паглыбляем веру праз чытанне, малітву і сакрамэнты?
Святы Аўгустын пісаў: «Як хрысціянін, я павінен буду даць справаздачу Богу аб сваім жыцці, а як кіраўнік, я павінен буду даць справаздачу аб сваім кіраванні».
Размова
“Заставайся і чувай са Мной”.
Гэта былі словы Твае, Пане, да вучняў,
перад Тваёй мукай і смерцю.
Я ведаю, Пане, Ты застанешся і будзеш чуваць нада мною
ва ўсе дні жыцця майго.
Заканчэнне
Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому.
як было спрадвеку,
цяпер і заўсёды,
і навекі вечныя. Амэн.
Амэн
Copyright © 1999-2025 Sacred Space. All rights reserved.
Прастора малітвы – гэта праект ірландскіх езуітаў.