аўторак 16 Снежань
Прысутнасць
У пачатку сённяшняй малітвы звярну ўвагу на сваё дыханне, якое з’яўляецца для мяне Божым дарам, які падтрымлівае жыццё. Адну-дзве хвіліны дыхаю больш павольна, глыбока і спакойна.
Свабода
Добры Божа, напоўні сэрца
жаданнем ведаць і любіць Цябе больш.
Дазволь паслухмяна адгукнуцца на Тваю волю адносна майго жыцця.
Усведамленне
Дапамажы мне, Пане, лепш усведамляць Тваю прысутнасць.
Навучы мяне распазнаваць Тваю прысутнасць у іншых.
А сэрца напоўні ўдзячнасцю за выпадкі, калі Ты дзейнічаў праз іншых людзей, выяўляючы нязмерную любоў і клопат.
Божае слова
Мц 21:28-3228«Як вам здаецца? У аднаго чалавека былі два сыны. Прыйшоўшы да першага, ён сказаў: “Сыне, ідзі і працуй сёння ў вінаградніку”. 29Але той адказаў: “Не хачу.” Аднак пасля, апамятаўшыся, пайшоў. 30Тады падышоў да другога і сказаў тое самае. Той жа сказаў у адказ: “Іду, гаспадару”. І не пайшоў. 31Каторы з двух выканаў волю бацькі?» Кажуць Яму: «Першы». Тады Езус сказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што мытнікі і распусніцы ідуць перад вамі ў Валадарства Божае. 32Прыйшоў да вас Ян шляхам справядлівасці, і вы не паверылі яму. А мытнікі і распусніцы паверылі. Вы ж, убачыўшы, не апамяталіся пасля, каб паверыць яму.
Разважанне да Божага слова
Вядома, гэты ўрывак дадзены нам не толькі для таго, каб даведацца, якімі пыхлівымі былі першасвятары і старэйшыны, каб мы паразважалі над сабой. Ці лічым мы, што, будучы практыкуючымі хрысціянамі, знаходзімся ў прывілеяваным і недатыкальным становішчы? Праводзячы шмат часу ў святыні, ці робім справы любові па-за ёй? Ці заўважаем, што крытычна або паблажліва гаворым пра менш пабожных хрысціян або пра людзей, не вельмі маральных, па нашых мерках? Мы сказалі Богу «так» сваім хростам і прыналежнасцю да Касцёла, але ці можам сказаць, што заўсёды спаўняем Яго волю?
Напэўна, пасля некаторых сумленных роздумаў нам давядзецца прызнаць, што мы не ў тым становішчы, каб асуджаць іншых. Улічваючы дары і ласкі, якія мы атрымалі як хрысціяне, мы не даём рады з тымі, хто ніколі не карыстаўся падтрымкай хрысціянскай веры і хрысціянскага асяроддзя. Набліжаючыся да Божага Нараджэння, шчыра пастараемся наследаваць Пана і ў словах, і ў справах.
Размова
Як Божае Слова ўзрушыла мяне?
Ці пакінула адчуванне сухасці?
Суцешыла мяне ці падштурхнула дзейнічаць па-новаму?
Я ўяўляю Езуса, які стаіць ці сядзіць побач са мной
Я дзялюся з Ім сваімі пачуццямі.
Заканчэнне
Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому.
як было спрадвеку,
цяпер і заўсёды,
і навекі вечныя. Амэн.
Амэн
Copyright © 1999-2025 Sacred Space. All rights reserved.
Прастора малітвы – гэта праект ірландскіх езуітаў.