серада 7 Студзень
Прысутнасць
Няхай сэрца маё радуецца Тваёй любоўю, Пане.
Дазволь мне пражываць кожны дзень як новы.
Свабода
Многія краіны ў гэты момант пакутуюць ад жахаў вайны. Схіляю галаву ў знак падзякі за сваю свабоду. Малюся за вязняў, палонных і ўсіх, каго закранула вайна.
Усведамленне
Пане, адкрый маё сэрца на тое, каб пачуць і прыняць Тваё Слова. Няхай гэта прынясе вялікі плён у маім жыцці і ў жыцці іншых людзей.
Божае слова
Мц 4:12-17,23-2512Калі Езус пачуў, што Яна зняволілі, адышоў у Галілею. 13Пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і пасяліўся ў Кафарнауме прыморскім, у межах Забулона і Нэфталія, 14каб збылося сказанае прарокам Ісаем, які кажа:
15«Зямля Забулонава і зямля Нэфталіева, на шляху марскім, за Ярданам, Галілея язычнікаў, 16народ, які сядзеў у цемры, убачыў святло вялікае, над жыхарамі краіны смяротнага ценю заззяла святло».
17З таго часу Езус пачаў прапаведаваць і казаць: «Кайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае».
23Езус хадзіў па ўсёй Галілеі, навучаючы ў сінагогах іхніх і абвяшчаючы Евангелле Валадарства. Ён лячыў усялякую хваробу і ўсялякую немач у людзей. 24Таму пайшла пра Яго чутка па ўсёй Сірыі. Пачалі прыводзіць да Яго ўсіх нямоглых, што цярпелі на розныя хваробы і слабасці, апанаваных злымі духамі, эпілептыкаў і паралізаваных, і Ён вылечваў іх. 25За Ім ішлі вялікія натоўпы з Галілеі і Дэкаполіса, з Ерузалема, Юдэі і з-за Ярдана.
Разважанне да Божага слова
Згодна з прароцтвамі, людзі, якія жылі ў цемры, убачаць вялікае святло. І вось, цяпер Езус пачынае адкрываць і тлумачыць, з чаго будзе складацца гэтае святло. Па меры таго, як справа і служэнне Езуса пашыраецца, штосьці абуджаецца ў сэрцах людзей, якія сочаць за кожным Яго словам. Шэрыя вугалькі веры пачынаюць адчуваць лёгкі ветрык, які дзьме на іх. Амаль незаўважна зноў загараецца іскра надзеі. У сённяшняй малітве папрасі аб тым, каб Бог і табе даў іскру прадчування, поўнага надзеі.
Размова
Езу, Ты прамаўляеш да мяне праз словы Евангелля.
Прагну сёння адказаць на Твой заклік.
Навучы мяне распазнаваць Тваю руку сярод паўсядзённых спраў.
Заканчэнне
Дзякую, Пане, за дар часу, праведзенага ў Тваёй прысутнасці і за ўсе Твае натхненні.
Амэн
Copyright © 1999-2026 Sacred Space. All rights reserved.
Прастора малітвы – гэта праект ірландскіх езуітаў.