чацвер 8 Студзень
Прысутнасць
Божа, Ты бліжэй, чым я магу паверыць, бліжэй, чым маё дыханне. Твая блізкасць – благаслаўленне, і мне не трэба баяцца.
Свабода
Пане, Ты даў мне вялікі дар свабоды.
У гэтыя часы, Пане, вызваляй мяне
ад любой формы расізму або нецярпімасці.
Нагадай мне, Пане, што ўсе мы роўныя
у Тваіх любячых вачах.
Усведамленне
Прыгадваю, што знаходжуся ў прысутнасці Пана.
Знаходжу прытулак у Яго любячым сэрцы.
Ён – мая моц у хвіліны слабасці.
Ён – мой Суцяшальнік у смутку.
Божае слова
Мк 6:34-4434Выйшаўшы з чоўна, Езус убачыў мноства людзей і змілаваўся над імі, бо яны былі як авечкі без пастыра, і пачаў іх многаму вучыць. 35Калі мінула ўжо шмат часу, вучні Ягоныя, падышоўшы да Яго, сказалі: «Месца гэта пустыннае, і гадзіна ўжо позняя; 36адпусці іх, каб яны пайшлі ў навакольныя вёскі і паселішчы і купілі сабе чаго-небудзь з’есці». 37Ён жа сказаў ім у адказ: «Вы дайце ім есці». Яны сказалі Яму: «Ці мы павінны пайсці і за дзвесце дынараў купіць хлеба, і даць ім есці?» 38А Ён спытаўся ў іх: «Колькі ў вас хлябоў? Ідзіце, паглядзіце». Даведаўшыся, яны сказалі: «Пяць хлябоў і дзве рыбіны». 39Тады загадаў ім пасадзіць усіх групамі на зялёнай траве. 40І паселі групамі па сто і па пяцьдзясят. 41Ён, узяўшы пяць хлябоў і дзве рыбіны, паглядзеў на неба, благаславіў і разламаў хлябы, і даў вучням сваім, каб яны раздалі ім; і дзве рыбіны падзяліў на ўсіх. 42Усе елі і насыціліся. 43І сабралі дванаццаць поўных кашоў кавалкаў і рэшты ад рыбы. 44А тых, хто еў хлябы, было каля пяці тысяч мужчын.
Разважанне да Божага слова
Тыя, хто прыходзіць слухаць Пана, нават самі таго не ведаючы, верагодна, адчуваюць, што ім патрэбна аднаўленне як цела, так і духу. Ці ж не спрабуе Ён зрабіць тое самае і для нас? Ён не толькі хоча наталіць розныя формы нашага голаду, але хоча выкарыстаць любыя нашыя таленты, каб здаволіць голад тых, з кім мы сутыкаемся. Падумай пра выпадкі, калі ты здолеў быць такім чалавекам для іншых. Папрасі, каб з'явіліся новыя магчымасці паслужыць іншым, і каб Езус умацаваў цябе на гэтую працу.
Размова
Пане, я ведаю, што калі я звяртаюся да Цябе, мне не патрэбныя словы.
Ты бачыш сэрца.
Ты ведаеш мае жаданні і патрэбы.
Аддаю сябе ў Твае рукі.
Заканчэнне
Напоўнены любячай прысутнасцю Бога,
Я прашу Яго благаславіць мяне і накіроўваць мае крокі
у спаўненні Яго волі і супрацоўніцтве з Яго ласкай у сваім штодзённым жыцці.
Амэн
Copyright © 1999-2026 Sacred Space. All rights reserved.
Прастора малітвы – гэта праект ірландскіх езуітаў.