серада 28 Студзень
Прысутнасць
На што звяртаю ўвагу, тое і фармуе мяне.
Заўважу прысутнасць Бога – няспынную, блізкую, любячую,
сярод безлічы рэчаў, якія падтрымліваюць жыццё.
Затрымаюся і памалюся аб тым, каб дазволіць Богу падчас сённяшняй малітвы
дапамагчы мне расці і сталець.
Свабода
Пане, я малюся аб Тваім дары свабоды.
Няхай Святы Дух
натхняе людзей ва ўладзе працаваць на карысць
сапраўднай справядлівасці для ўсяго Божага народу.
Усведамленне
Нябесны Ойча, дзякуй Табе, што Твая любоў ніколі не мінае і што Твая міласэрнасць аднаўляецца з пачаткам кожнага новага дня. Няхай жа я заўсёды звяртаюся да Цябе са сваімі патрэбамі, з любоўю і даверам.
Божае слова
Мк 4:1-201Езус зноў пачаў навучаць каля мора. І сабралася каля Яго мноства народу, так што Ён увайшоў у човен і сеў у ім на моры, а ўвесь народ быў на беразе каля мора. 2Ён шмат чаму навучаў іх у прыпавесцях і ў сваім павучанні казаў ім: 3«Слухайце. Вось выйшаў сейбіт сеяць. 4І калі сеяў, сталася так, што адно зерне ўпала пры дарозе. Прыляцелі птушкі і падзяўблі яго. 5Іншае ўпала на камяністае месца, дзе было мала зямлі, і адразу прарасло, бо зямля была неглыбокая. 6А калі ўзышло сонца, яно завяла, бо не мела карэння, і засохла. 7Іншае ўпала ў церні, і выраслі церні, і заглушылі яго так, што яно не прынесла плёну. 8Іншае ўпала на добрую глебу і прынесла плён, які ўзышоў і вырас. І адно ўрадзіла ў трыццаць, другое ў шэсцьдзясят, а іншае ў сто разоў». 9І сказаў: «Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае».
10А калі застаўся адзін, тыя, хто быў вакол Яго разам з Дванаццаццю, пыталіся ў Яго аб прыпавесці. 11І Ён сказаў ім: «Вам дадзена таямніца Божага Валадарства, а для тых, хто звонку, усё адбываецца ў прыпавесцях, 12каб яны глядзелі і не бачылі,
слухалі і не разумелі, каб не навярнуліся і каб не было адпушчана ім».
13І сказаў ім: «Не разумееце гэтай прыпавесці? А як жа зразумееце ўсе іншыя прыпавесці? 14Сейбіт сее слова. 15Пасеянае пры дарозе — гэта тыя, у якіх сеецца слова, але як толькі пачуюць яго, адразу прыходзіць сатана і забірае слова, пасеянае ў іх. 16Пасеянае на камяністых месцах — гэта тыя, хто, як толькі пачуе слова, адразу з радасцю прымае яго, 17але не мае ў сабе кораня і нясталы. Потым, калі за слова настане ўціск ці пераслед, адразу спакушаюцца. 18Іншае, пасеянае ў цернях, — гэта тыя, хто чуе слова, 19але турботы свету, зман багацця ды іншыя жаданні ўваходзяць у іх і заглушаюць слова, і яно становіцца бясплодным. 20А пасеянае на добрай глебе — гэта тыя, хто слухае слова, прымае яго і прыносіць плён: адзін у трыццаць, другі ў шэсцьдзясят, а іншы ў сто разоў».
Разважанне да Божага слова
Прыпавесці, поўныя вобразаў знаёмых сцэн паўсядзённага жыцця, прамаўляліся Езусам менавіта для таго, каб дапамагчы людзям зразумець Яго пасланне. Аднак былі і такія слухачы, якія проста не хацелі бачыць нават відавочнага. Ёсць яшчэ адна інтэрпрэтацыя прыпавесці ў адказ на просьбу вучняў аб тлумачэнні. Тлумачэнне некалькі змяняе акцэнт, і яна становіцца хутчэй алегорыяй, чым прыпавесцю. У першапачатковай прыпавесці акцэнт сапраўды робіцца на Сейбіта, Бога, і канчатковы поспех Ягонай працы. У альтэрнатыўнай інтэрпрэтацыі акцэнт робіцца на глебе, у якой спрабуе вырасці насенне. Магчыма, сёння варта паразважаць, якая з катэгорый глебы найлепш апісвае нашае сэрца.
Размова
Твае ўласныя словы, Пане, навучылі мяне маліцца.
цудоўная малітва “Ойча наш”
змяшчае ўсё, што я хацеў бы сказаць.
Заканчэнне
Я дзякую Богу за магчымасць правесці сам-насам з Ім некалькі хвілін,
і цяпер іду далей з радасцю і надзеяй
служыць Яго народу.
Амэн
Copyright © 1999-2026 Sacred Space. All rights reserved.
Прастора малітвы – гэта праект ірландскіх езуітаў.