субота 21 Люты
Прысутнасць
На што звяртаю ўвагу, тое і фармуе мяне.
Заўважу прысутнасць Бога – няспынную, блізкую, любячую,
сярод безлічы рэчаў, якія падтрымліваюць жыццё.
Затрымаюся і памалюся аб тым, каб дазволіць Богу падчас сённяшняй малітвы
дапамагчы мне расці і сталець.
Свабода
Нябесны Ойча, дай мне ўсвядоміць увесь цяжар, які цяпер нясу, і Сваёй ласкай дапамажы пакласці яго ля падножжа Хрыстовага Крыжа і свабодна ўвайсці ў гэты час малітвы.
Усведамленне
Усведамляючы Тваю прысутнасць, Пане,
праглядаю сваё нядаўняе мінулае.
Дазволь мне быць шчырым з самім сабой і з Табой
наконт думак, слоў, учынкаў,
бо я ведаю, што Ты любіш праўду ў сэрцы
і прымаеш мяне такім, які я ёсць.
Божае слова
Лк 5:27-3227Выйшаўшы пасля гэтага, Езус убачыў мытніка па імені Левій, які сядзеў на мытні, і сказаў яму: «Ідзі за Мною». 28Той пакінуў усё, устаў і пайшоў за Ім.
29І наладзіў Левій для Яго вялікую гасціну у сваім доме. Было там шмат мытнікаў і іншых, якія былі з імі за сталом. 30Фарысеі і кніжнікі наракалі, кажучы вучням Ягоным: «Чаму вы ясце і п’яце з мытнікамі і грэшнікамі?» 31А Езус сказаў ім у адказ: «Не здаровым патрэбны лекар, а хворым. 32Я прыйшоў заклікаць да пакаяння не праведнікаў, а грэшнікаў».
Разважанне да Божага слова
Імя Левій азначае “прывязаны”. Можна выказаць здагадку, што сённяшні герой Евангелля быў настолькі звязаны хцівасцю, што стаў машынай для зарабляння грошай. Магчыма, ён перастаў лічыцца з іншымі, махлюючы і ўзбагачаючыся на чужых пакутах. Якаянеўпарадкаваная прывязанасць пазбаўляе цябе асабістай свабоды?
Гісторыю Левія змяняе позірк. Позірк, пазбаўлены асуджэння, пагарды, крыўды. Позірк, які распазнае глыбіню таго, што найбольш інтымнае. Езус убачыў перш за ўсё чалавека. Ён глядзеў на Левія інакш, чым іншыя. Каго ў тваім бліжэйшым атачэнні варта зараз заўважыць? Паглядзець з большай любоўю?
Напрыканцы малітвы паспрабуй уявіць, як на цябе глядзіць Езус. Уважліва прыслухайся да таго, што Ён хацеў бы табе сказаць.
Размова
Добры Езу, я магу адкрыць Табе сэрца.
Магу сказаць Табе ўсё, што мяне турбуе.
Я ведаю, што Цябе хвалююць усе мае клопаты.
Навучы мяне жыць, не забываючыся,
што Ты ахінаеш мяне апекай сёння
і будзеш клапаціцца заўтра і ва ўсе дні жыцця майго.
Заканчэнне
Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому.
як было спрадвеку,
цяпер і заўсёды,
і навекі вечныя. Амэн.
Амэн
Copyright © 1999-2026 Sacred Space. All rights reserved.
Прастора малітвы – гэта праект ірландскіх езуітаў.