панядзелак 23 Люты
Прысутнасць
Бог чакае мяне, Ён тут,
удыхаючы жыццё ў мяне і ва ўсё, што навокал мяне.
Застаюся ў цішыні адну-дзве хвіліны
і ўсведамляю Божую любячую прысутнасць.
Свабода
Часцей за ўсё мне перашкаджае дасягнуць свабоды мая схільнасць
патанаць у страхах і чаканнях
аб тым, якой асобай я “маю быць”.
Мае звыклыя спосабы рэагавання звязваюць мяне
і перашкаджаюць бачыць новыя абшары ўзрастання.
Я прашу і малюся аб большым адчуванні ўнутранай свабоды і
таго, што Бог жадае здзейсніць ва мне.
Усведамленне
Пане, дай мне заўсёды жадаць
быць з Табой.
Няхай я не забываюся на Тваю дабрыню.
Накіруй мяне і пакажы, як дзяліцца Тваімі благаслаўленнямі з іншымі.
Божае слова
Мц 25:31-4631Калі прыйдзе Сын Чалавечы ў славе сваёй і ўсе анёлы з Ім, тады сядзе на троне славы сваёй. 32Перад Ім сабраныя будуць усе народы, і Ён аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў. 33Авечак паставіць праваруч, а казлоў — леваруч. 34Тады скажа Валадар тым, хто праваруч Яго: “Прыйдзіце, благаслаўлёныя Айца Майго, прыміце ў спадчыну Валадарства, падрыхтаванае вам ад стварэння свету. 35Бо Я быў галодны, і вы далі Мне есці; прагнуў, і вы напаілі Мяне; быў падарожным, і вы прынялі Мяне; 36быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне”. 37Тады адкажуць Яму справядлівыя: “Пане, калі мы бачылі Цябе галодным і накармілі, ці сасмяглым і напаілі? 38Калі мы бачылі Цябе падарожным і прынялі, ці голым і апранулі? 39Калі мы бачылі Цябе хворым ці ў вязніцы і прыйшлі да Цябе?” 40I Валадар скажа ім у адказ: “Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі”. 41Тады скажа і тым, хто леваруч Яго: “Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, падрыхтаваны д’яблу і анёлам ягоным. 42Бо Я быў галодны, і вы не далі Мне есці; прагнуў, і вы не напаілі Мяне; 43быў падарожным, і вы не прынялі Мяне; быў голы, і вы не апранулі Мяне; быў хворы і ў вязніцы, і вы не адведалі Мяне”. 44Тады і яны адкажуць Яму: “Пане, калі мы бачылі Цябе галодным ці сасмяглым, ці падарожным, ці голым, ці хворым, ці ў вязніцы, і не ўслужылі Табе?” 45А Ён скажа ім у адказ: “Сапраўды кажу вам: чаго вы не зрабілі аднаму з гэтых меншых, таго не зрабілі Мне”. 46І гэтыя адыдуць на вечнае пакаранне, а справядлівыя — да вечнага жыцця».
Разважанне да Божага слова
Сённяшняе Евангелле кажа і пра вельмі далёкую, і пра вельмі блізкую рэчаіснасць. Яно злучае дзве прасторы, паказваючы, як будучыя падзеі пераплятаюцца з цяперашнімі. Аднак, ці часта мы ўсведамляем, калі нешта робім (або не робім) для іншага чалавека, што гэта мае такі ўплыў на будучыню?
Хрыстус параўноўвае іншага чалавека з сабой. Але і кожны з нас – таксама адзін з гэтых меншых і важных для Яго. У заключнай малітве можам папрасіць аб ласцы памятаць і бачыць, што Ён – у кожным чалавеку, якога сустракаем у паўсядзённасці.
Размова
Пане, дапамажы мне дастаткова сцішыцца, каб пачуць Твой вельмі ціхі голас. Дапамажы мне давяраць таму, што я чую. Тваё Слова прыносіць палёгку, суцяшэнне і падбадзёрванне. Усё іншае я аддаляю ад сябе.
Заканчэнне
Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому.
як было спрадвеку,
цяпер і заўсёды,
і навекі вечныя. Амэн.
Амэн
Copyright © 1999-2026 Sacred Space. All rights reserved.
Прастора малітвы – гэта праект ірландскіх езуітаў.