аўторак 17 Сакавік •St Patrick, Patron of Ireland
Прысутнасць
Быць прысутным – значыць прыйсці і адкрыцца іншаму.
У той момант, калі я прыходжу сюды, Бог ужо чакае мяне.
Бог заўсёды прыходзіць першым, жадаючы злучыцца са мной
і быць бліжэй, чым мой самы блізкі сябар.
Карыстаючыся гэтай магчымасцю, я вітаю Бога, Які так любіць мяне.
Свабода
Стараюся адмовіцца ад любых забабонаў і абмежаванасці мыслення,
якія могуць затуманіць мой зрок у гэты момант.
Аддаю ўсё міласэрнаму клопату Бога, каб маліцца ў свабодзе, праўдзе і яснасці.
Усведамленне
Калі я тут з Табой, Пане,
я ўсведамляю, колькі благаслаўленняў Ты мне даеш.
Думаю пра любоў і ласкі ў маім жыцці,
і адчуваю ўдзячнасць.
Божае слова
Мц 13:24-3224Іншую прыпавесць прапанаваў ім, кажучы: «Валадарства Нябеснае падобнае да чалавека, які пасеяў добрае насенне на полі сваім. 25Калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг яго і пасеяў між пшаніцаю каласоўнік, і пайшоў. 26Калі ж збажына ўзышла і дала плён, тады паказаўся каласоўнік. 27Прыйшоўшы, слугі гаспадара дому сказалі яму: “Пане, ці ж не добрае насенне пасеяў ты на сваім полі? Адкуль жа на ім каласоўнік?” 28А ён сказаў ім: “Варожы чалавек зрабіў гэта”. Тады слугі сказалі яму: “Хочаш, мы пойдзем выпалаць яго?” 29Але ён сказаў: “Не, каб, выбіраючы каласоўнік, вы не павырывалі разам з ім і пшаніцы. 30Пакіньце расці разам тое і другое аж да жніва; а ў час жніва Я скажу жняцам: збярыце спачатку каласоўнік і звяжыце яго ў пучкі, каб спаліць, а пшаніцу збярыце ў засекі мае”».
31Пасля Ён прапанаваў ім іншую прыпавесць, кажучы: «Валадарства Нябеснае падобнае да гарчычнага зерня, якое ўзяў чалавек і пасеяў на полі сваім. 32Хоць яно меншае за ўсялякае насенне, калі вырасце, бывае вышэйшым за іншыя расліны і становіцца дрэвам, так што прылятаюць птушкі нябесныя і гняздзяцца ў галінах яго».
Разважанне да Божага слова
Фраза «лепшае — вораг добрага» азначае, што, будучы занадта ідэалістычнымі, мы часам можам упусціць магчымасць зрабіць штосьці проста добрае; мы стараемся пацэліць занадта высока і прамахваемся, а ў выніку нічога не робім. У сённяшняй прыпавесці слугі гаспадара здзіўлены — пасеяна было толькі добрае насенне, а на палетках узышло пустазелле. Яны хочуць павырываць усе кепскія парасткі, але гаспадар мае мудрасць стрымаць слуг. Так і ў нашым жыцці. Не заўсёды лёгка адрозніць расліны, якія абяцаюць добры ўраджай, ад пустазелля. Будзем прасіць аб святле для распазнавання.
Размова
Маўкліва сяджу з маім Богам, які ведае кожную маю думку, кожную патрэбу і кожнае жаданне, і дазваляю Яму служыць мне ў гэты момант. Я атрымліваю неабходны для далейшай дарогі пасілак.
Заканчэнне
Дзякую, Пане, за дар часу, праведзенага ў Тваёй прысутнасці і за ўсе Твае натхненні.
Амэн
Copyright © 1999-2026 Sacred Space. All rights reserved.
Прастора малітвы – гэта праект ірландскіх езуітаў.