серада 18 Сакавік
Прысутнасць
Запавольваюся і думаю пра любоў
і ласку, якімі Бог ахінае мяне:
Я створаны паводле вобразу і падабенству Божаму;
у глыбіні майго сэрца жыве Бог .
Свабода
Мне трэба суцішыцца, падняцца над шумам,
які перашкаджае, раздзяляе,
ізалюе.
Мне вельмі неабходна зноў слухаць Бога ў цішыні і спакоі.
Усведамленне
Духу Святы, прыйдзі і пасяліся ўва мне. Дай мне пазнаць, што я ўмілаванае дзіця Божае.
Божае слова
Ян 5:17-3017А Езус адказаў юдэям: «Айцец Мой дзейнічае дагэтуль, і Я дзейнічаю». 18За гэта юдэі яшчэ больш намагаліся забіць Яго, бо Ён не толькі зняважыў шабат, але таксама называў Бога сваім Айцом, робячы сябе роўным Богу. Улада, дадзеная Айцом Сыну
19Тады Езус сказаў ім у адказ: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: не можа Сын рабіць сам ад сябе нічога, калі б не бачыў Айца, які робіць. Бо што робіць Ён, тое таксама робіць Сын. 20 Бо Айцец любіць Сына і паказвае Яму ўсё, што сам робіць, і пакажа Яму справы большыя за гэтыя, каб вы дзівіліся. 21Бо як Айцец уваскрашае мёртвых і ажыўляе, так і Сын ажыўляе тых, каго хоча. 22Бо Айцец нікога не судзіць, але ўвесь суд аддаў Сыну, 23каб усе шанавалі Сына, як шануюць Айца. Хто не шануе Сына, той не шануе Айца, які паслаў Яго. 24Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто слухае Маё слова і верыць у таго, хто паслаў Мяне, мае жыццё вечнае і не прыходзіць на суд, але перайшоў ад смерці да жыцця.
25Сапраўды, сапраўды кажу вам: надыходзіць гадзіна і ўжо настала, калі мёртвыя пачуюць голас Сына Божага, і якія пачуюць, ажывуць. 26Бо, як Айцец мае ў сабе жыццё, так і Сыну даў мець жыццё ў сабе. 27І даў Яму ўладу вяршыць суд, бо Ён Сын Чалавечы. 28Не здзіўляйцеся гэтаму, бо надыходзіць гадзіна, калі ўсе, хто ў магілах, пачуюць голас Ягоны, 29і выйдуць, хто чыніў дабро, каб уваскрэснуць для жыцця, а хто рабіў зло, каб уваскрэснуць для асуджэння.
30Я нічога не магу рабіць ад сябе. Як чую, так суджу, і суд Мой справядлівы, бо Я не шукаю сваёй волі, але волі таго, хто паслаў Мяне.
Разважанне да Божага слова
Звычайна мы не любім неспадзяванак. Нават калі нечакана перажываем нешта добрае, здарэнне часта выклікае трывогу. Аздараўленне ў суботу было настолькі нечаканым для габрэяў, што яны з-за страху пачалі ўспрымаць Езуса як пагрозу. Часам нам хочацца, каб Бог быў стабільным і прадказальным. Аднак сёння Ён паказвае, што з’яўляецца жывым Богам: шматгранным, нечаканым. Жыццё ў сяброўстве з такім дынамічным і нечаканым Богам можа здацца вар'яцтвам або небяспекай. А Езус выразна кажа, што той, хто чуе Яго слова, хто верыць у Яго, ужо мае вечнае жыццё. У малітве паспрабуй адкрыць сэрца, каб напоўніць яго прысутнасцю Бога, які дае жыццё.
Размова
Добры Езу, я магу адкрыць Табе сэрца.
Магу сказаць Табе ўсё, што мяне турбуе.
Я ведаю, што Цябе хвалююць усе мае клопаты.
Навучы мяне жыць, не забываючыся,
што Ты ахінаеш мяне апекай сёння
і будзеш клапаціцца заўтра і ва ўсе дні жыцця майго.
Заканчэнне
Дзякую, Пане, за дар часу, праведзенага ў Тваёй прысутнасці і за ўсе Твае натхненні.
Амэн
Copyright © 1999-2026 Sacred Space. All rights reserved.
Прастора малітвы – гэта праект ірландскіх езуітаў.