аўторак 7 Красавік
Прысутнасць
Суцішваюся і стараюся ўсвядоміць, што Бог прысутнічае
для мяне тут і цяпер. Ён ёсць у тым, што я раблю,
у людзях і сітуацыях штодзённага жыцця.
Я прыходжу, каб стаць перад Тым, хто заўсёды са мной.
Свабода
Бог не чужы маёй свабодзе.
Наадварот, Дух удыхае жыццё ў самыя ўтоеныя жаданні,
далікатна падштурхоўвае мяне да ўсялякага дабра.
Прашу аб ласцы, каб дазволіць Духу агарнуць мяне.
Усведамленне
Пане, Ты даў мне начны адпачынак.
У дзённы час не дазволь мне забыцца пра Тваю дабрыню.
Накіруй мяне і пакажы, як дзяліцца Тваімі благаслаўленнямі з іншымі.
Божае слова
Ян 20:11-1811Марыя стаяла каля магілы і плакала. Калі ж плакала, зазірнула ў магілу 12і ўбачыла двух анёлаў у белым адзенні, якія сядзелі адзін каля галавы, а другі каля ног, дзе ляжала цела Езуса. 13Яны сказалі ёй: «Жанчына, чаго ты плачаш?» Яна адказала ім: «Забралі майго Пана, і не ведаю, дзе паклалі Яго». 14Калі гэта сказала, азірнулася і ўбачыла Езуса, які стаяў, але не ведала, што гэта Езус. 15Сказаў ёй Езус: «Жанчына, чаго ты плачаш? Каго шукаеш?» Яна, думаючы, што гэта садоўнік, сказала Яму: «Пане, калі ты вынес Яго, скажы мне, дзе ты паклаў Яго, і я забяру Яго». 16Езус сказаў ёй: «Марыя!» А яна азірнулася і сказала Яму па-габрэйску: «Раббуні!» (што азначае «Настаўнік»). 1717 Сказаў ёй Езус: «Не затрымлівай Мяне, бо Я яшчэ не ўзышоў да Айца. Ідзі ж да братоў Маіх і скажы ім: узыходжу да Айца Майго і Айца вашага, да Бога Майго і Бога вашага». 1818 Пайшла Марыя Магдалена абвясціць вучням, што бачыла Пана і тое, што Ён сказаў ёй.
Разважанне да Божага слова
Марыя Магдалена застаецца ля магілы. Смутак і слёзы не даюць ёй усвядоміць цуд, які адбыўся. Яна ўсё яшчэ памятае падзеі пятніцы, боль засяроджвае ўсю яе ўвагу на Тым, каго няма. Шукаючы памерлага, яна не распазнае знакаў Божай прысутнасці. Марыя! Адно слова Пана прабілася праз безнадзейнасць і развеяла змрок.
Папросім Бога дапамагчы нам убачыць у кожнай цяжкай сітуацыі больш, чым проста страчаныя магчымасці і ўласныя недахопы. Папросім аб святле, каб убачыць Уваскрослага.
Размова
Езу, Ты прамаўляеш да мяне праз словы Евангелля.
Прагну сёння адказаць на Твой заклік.
Навучы мяне распазнаваць Тваю руку сярод паўсядзённых спраў.
Заканчэнне
Я дзякую Богу за магчымасць правесці сам-насам з Ім некалькі хвілін,
і цяпер іду далей з радасцю і надзеяй
служыць Яго народу.
Амэн
Copyright © 1999-2026 Sacred Space. All rights reserved.
Прастора малітвы – гэта праект ірландскіх езуітаў.