чацвер 9 Красавік
Прысутнасць
Я чую, як Пан ціха вымаўляе маё імя, запрашаючы ў малітву. Адпускаю ўсё, што перашкаджае засяродзіцца, і занурваюся ў благаславёную блізкасць Бога.
Свабода
Пане, Ты даў мне вялікі дар свабоды.
У гэтыя часы, Пане, вызваляй мяне
ад любой формы расізму або нецярпімасці.
Нагадай мне, Пане, што ўсе мы роўныя
у Тваіх любячых вачах.
Усведамленне
Дапамажы мне, Пане, лепш усведамляць Тваю прысутнасць.
Навучы мяне распазнаваць Тваю прысутнасць у іншых.
А сэрца напоўні ўдзячнасцю за выпадкі, калі Ты дзейнічаў праз іншых людзей, выяўляючы нязмерную любоў і клопат.
Божае слова
Лк 24:35-4835 Яны таксама расказалі пра тое, што здарылася ў дарозе, і як пазналі Яго ў ламанні хлеба.
36Калі яны казалі пра гэта, сам Езус стаў сярод іх і сказаў ім: «Спакой вам!» 37Збянтэжаныя і напалоханыя, яны думалі, што бачаць духа. 38Але Ён сказаў ім: «Чаму разгубіліся, і чаму сумненні ўзніклі ў вашых сэрцах? 39Паглядзіце на Мае рукі і ногі: гэта Я! Дакраніцеся да Мяне і пераканайцеся: дух не мае цела і касцей; як бачыце, Я іх маю». 40Пасля гэтых слоў Ён паказаў ім рукі і ногі. 41А калі яны ад радасці яшчэ не верылі і дзівіліся, Ён сказаў ім: «Ці маеце тут што з’есці?» 42Яны падалі Яму кавалак печанай рыбы. 43Ён узяў і еў перад імі.
44І сказаў ім: «Вось словы Мае, сказаныя вам, калі Я быў яшчэ з вамі, што павінна збыцца ўсё напісанае пра Мяне ў Законе Майсея, у Прарокаў і ў Псальмах». 45Тады адкрыў іх розум, каб яны разумелі Пісанне. 46І сказаў ім: «Так напісана, што Месія павінен цярпець і ўваскрэснуць на трэці дзень з мёртвых, 47і ў Ягонае імя павінна абвяшчацца пакаянне дзеля адпушчэння грахоў усім народам, пачынаючы ад Ерузалема. 48 А вы — сведкі гэтага.
Разважанне да Божага слова
Вучні, утоеныя ў Вячэрніку, былі настолькі напалоханыя, што з'яўленне Езуса выклікала не радасць, а страх. Ён размаўляе з імі, дае дакрануцца да сябе, есць з імі, але яны застаюцца здзіўленымі і недаверлівымі. Падумай, якія страхі ці сумневы перашкаджаюць тваёй веры?
Езус сваёй ласкай асвятляе розумы вучняў, дае ім магчымасць стаць сведкамі Ягонага ўваскрасення. Папросім і мы даць нам ласку адкрытага сэрца і светлага розуму для сведчання аб Божай моцы ўсяму свету.
Размова
Бог прыйшоў прынесці жыццё, у Целе і ў Слове. Якое жыватворнае слова я атрымаў сёння? Ці, калі мяне нічога не кранула ў малітве, адчуваю жыватворную прысутнасць Езуса побач са мной – у гэтую хвіліну?
Заканчэнне
Напоўнены любячай прысутнасцю Бога,
Я прашу Яго благаславіць мяне і накіроўваць мае крокі
у спаўненні Яго волі і супрацоўніцтве з Яго ласкай у сваім штодзённым жыцці.
Амэн
Copyright © 1999-2026 Sacred Space. All rights reserved.
Прастора малітвы – гэта праект ірландскіх езуітаў.