пятніца 10 Красавік
Прысутнасць
Чым больш мы звяртаемся да Бога, тым больш адчуваем Божую прысутнасць. Дзень па дню мы набліжаемся да любячага сэрца Бога.
Свабода
Твая смерць на крыжы вызваліла мяне.
Я магу жыць радасна і свабодна,
без страху смерці.
Твая міласэрнасць не ведае межаў.
Усведамленне
Усведамляючы Тваю прысутнасць, Пане,
праглядаю сваё нядаўняе мінулае.
Прагну быць шчырым з самім сабой адносна ўсяго, што адбылося,
і сваіх думак, слоў і ўчынкаў,
бо я ведаю, што Ты любіш праўду ў сэрцы
і прымаеш мяне такім, які я ёсць.
Божае слова
Ян 21:1-141Пасля гэтага Езус зноў з’явіўся вучням сваім каля Тыберыядскага мора. А з’явіўся так. 2Былі разам Сымон Пётр, Тамаш, званы Блізня, Натанаэль з Каны Галілейскай, сыны Зэбэдэя і двое іншых з вучняў Ягоных. 3Сымон Пётр сказаў ім: «Іду лавіць рыбу». Яны адказалі яму: «І мы пойдзем з табою». Пайшлі і селі ў човен, але ў тую ноч нічога не злавілі.
4Калі ўжо развіднела, Езус стаяў на беразе. Але вучні не ведалі, што гэта быў Езус. 5Сказаў ім Езус: «Дзеці, ці маеце што з’есці?» Яны адказалі Яму: «Не». 6А Ён сказаў ім: «Закіньце сетку з правага боку чоўна і знойдзеце». Яны закінулі і не маглі ўжо выцягнуць яе з-за мноства рыбы. 7Тады вучань, якога любіў Езус, сказаў Пятру: «Гэта Пан!» Калі Сымон Пётр пачуў, што гэта Пан, падперазаўся вопраткай, бо быў голы, і кінуўся ў мора. 8А іншыя вучні прыплылі на чоўне, бо недалёка былі ад берага, локцяў каля двухсот, цягнучы сетку з рыбай.
9Калі ж выйшлі на бераг, убачылі распаленае вогнішча, а на ім пакладзеную рыбу і хлеб. 10Езус сказаў ім: «Прынясіце рыбы, што цяпер налавілі». 11Пайшоў Сымон Пётр і выцягнуў на бераг сетку, поўную вялікіх рыб, якіх было сто пяцьдзясят тры. І хоць іх было столькі, сетка не парвалася. 12Сказаў ім Езус: «Хадзіце ж, снедайце». Ніхто з вучняў не адважыўся спытацца ў Яго: «Хто Ты?», бо ведалі, што гэта Пан. 13Езус падышоў, узяў хлеб і падаў ім, і таксама рыбу. 14Гэта ўжо трэці раз з’явіўся Езус вучням пасля свайго ўваскрасення.
Разважанне да Божага слова
Каб пераадолець страх і нерашучасць сваіх апосталаў, Езус неаднаразова з'яўляецца ім, паасобку і грамадзе. Ён хоча ўмацаваць дух і аднавіць упэўненасць вучняў. Вось, у сённяшнім Евангеллі Ён запрашае іх адпачыць і паесці. Амаль усе яны, напэўна, адчувалі і сорам, і сваю немач.
Пане, Ты таксама і для нас робіш тое самае ў Эўхарыстыі кожны дзень. Ці чую я, як Ты мне кажаш: «Прыйдзі і еш»?
Размова
Езу, Ты прамаўляеш да мяне праз словы Евангелля.
Прагну сёння адказаць на Твой заклік.
Навучы мяне распазнаваць Тваю руку сярод паўсядзённых спраў.
Заканчэнне
Дзякую, Пане, за дар часу, праведзенага ў Тваёй прысутнасці і за ўсе Твае натхненні.
Амэн
Copyright © 1999-2026 Sacred Space. All rights reserved.
Прастора малітвы – гэта праект ірландскіх езуітаў.