Разважанне да Божага слова
На Апошняй вячэры Езус абмывае ногі вучням, служыць ім жэстам любові, пакоры і павагі – нават да тых, хто быццам бы гэтага не заслугоўвае. Настаўнік сам выбірае вучняў, але пакідае ім свабоду, нават свабоду адрачыся і здрадзіць. Гэта цана любові і павагі. Якія твае адносіны з людзьмі? Ці паважаеш тых, з чыім жыццёвым выбарам нязгодны? Ці здольны ты даць свабоду тым, каго любіш?
Прымаючы той факт, што Ён пасылае цябе ў свет, памятай, што ты не мусіш ісці за самім сабой, сваімі планамі, амбіцыямі ці нават за ідэямі, якія здаюцца бліскучымі. Самае галоўнае – абвяшчэнне Хрыста. Той, хто прымае цябе і слухае, прымае Езуса. Дбай аб тым, каб не засланяць Яго сабой.