Разважанне да Божага слова
У вучэнні настаўнікаў Ізраэля ярмо было сімвалам Закону — усіх тых запаведзяў і правілаў, якія чалавек павінен быў захоўваць, каб заставацца верным Богу і Запавету. Езус не адкідвае сутнасць вобразу ярма, але змяняе яго разуменне: гэта Ён цяпер фармулюе і адначасова паказвае прыклад таго, што ёсць «ярмом», несці якое прыемна. «Любоў ёсць выкананнем Закону» (Рым 13, 10). Цяжар гэтага ярма лёгкі і прыемны, калі мы яго бярэм на сябе не самастойна, а ў нашай сувязі з Езусам, нашым старэйшым Братам.
Каб зразумець і прыняць гэту праўду, трэба пакінуць нашу «мудрасць» і быць, як дзеці (слова, якое выкарыстоўвае Езус, азначае хутчэй «немаўля», грудное дзіця). Гэта не значыць не браць адказнасці за свае дзеянні, за свае выбары. Але калі мы будзем лічыць сябе адзінымі гаспадарамі свайго жыцця, ніколі не знойдзем спакой, які Езус абяцае тым, хто выбірае прыняць дапамогу Яго ласкі і крочыць разам з Ім.