панядзелак 3 Люты •Saint Blaise, Bishop, Martyr
Прысутнасць
“Ты дарогу жыцця мне пакажаш, паўната радасці перад Табою, вечнае шчасце праваруч Цябе” (Пс 16 (15), 11). Пане, дапамажы мне жыць у Тваёй прысутнасці.
Свабода
Пане, занадта часта я думаю, што самастойна кантралюю сваё жыццё.
Дапамажы мне ўсвядоміць бяссілле перад многімі рэчамі.
Дай ласку і здольнасць аддаць Табе сваё жыццё
і адчуць радасць гэтай свабоды.
Усведамленне
Пане, Ты прысутны ва ўсім
і калі я знаходжу час, каб проста пасядзець і пабыць з Табой,
мой розум адпачывае
і я адчуваю Твой супакой.
Божае слова
Мк 5:1-201І прыбылі на другі бераг мора ў край геразенаў. 2А калі Езус выйшаў з чоўна, Яму адразу насустрач выйшаў чалавек з магільных пячор, апанаваны нячыстым духам, 3які жыў у магільных пячорах. Ніхто не мог звязаць яго нават ланцугом, 4бо часта яго звязвалі кайданамі і ланцугамі, але ён разрываў ланцугі і разбіваў кайданы, і ніхто не мог яго ўтаймаваць. 5Увесь дзень і ўсю ноч, будучы ў магільных пячорах і ў гарах, ён крычаў і біў самога сябе камянямі. 6Калі ён здалёк убачыў Езуса, падбег, пакланіўся Яму 7і закрычаў моцным голасам, кажучы: «Што Табе да мяне, Езусе, Сыне Бога Найвышэйшага? Богам заклінаю Цябе, не муч мяне». 8Бо Езус сказаў яму: «Выйдзі, нячысты дух, з гэтага чалавека». 9Тады Езус спытаўся ў яго: «Як тваё імя?» Той адказаў: «Маё імя легіён, бо нас шмат». 10І ён моцна прасіў Яго не выганяць іх з гэтай краіны. 11Пасвіўся там каля гары вялікі статак свіней. 12І прасілі Яго нячыстыя духі, кажучы: «Пашлі нас у свіней, каб мы ўвайшлі ў іх». 13І Ён дазволіў ім. Выйшаўшы, увайшлі гэтыя нячыстыя духі ў свіней, і кінуўся статак каля дзвюх тысяч з кручы ў мора, і патанулі яны ў моры.
14А свінапасы паўцякалі і расказалі ў горадзе і ў вёсках, і людзі выйшлі паглядзець, што сталася. 15Прыйшоўшы да Езуса, яны ўбачылі, што той апанаваны злым духам, у якім быў легіён, сядзіць апрануты і пры здаровым розуме, і спалохаліся. 16А тыя, хто бачыў, расказалі ім, што сталася з апанаваным злым духам, і пра свіней. 17Тады пачалі прасіць Езуса, каб адышоў з іхніх межаў. 18Калі Ён сядаў у човен, апанаваны злым духам прасіўся ў Яго застацца з Ім. 19Але Ён не дазволіў яму і сказаў: «Вярніся да свайго дому і да сваіх і раскажы ім усё, што Пан учыніў табе і як змілаваўся над табою». 20Той адышоў і пачаў абвяшчаць у Дэкаполісе ўсё, што ўчыніў яму Езус, і ўсе здзіўляліся.
Разважанне да Божага слова
Існуе вялікі кантраст паміж апантаным чалавекам, які крычыць і раніць сябе камянямі, і тым жа чалавекам, апранутым і ціхмяным побач з Езусам. Прысутнасць Езуса аздараўляе нават самую пакутлівую сітуацыю, у якой мы можам апынуцца. Маючы перад вачамі гэтага ацаленага чалавека, які сядзіць каля Езуса, пагаворым зараз з Панам пра тое, што нам баліць.
Мясцовыя жыхары прасілі Езуса сысці. Некаторыя людзі лічаць кошт вучнёўства занадта высокім і вырашаюць жыць па-свойму. Як пісаў Г. К. Чэстэртан, «хрысціянства не пацярпела паразу. Яго палічылі занадта складаным і не спрабавалі [ім жыць]». Ці гатовыя мы плаціць цану?
Размова
Я пачынаю размаўляць з Езусам пра ўрывак са Святога Пісання, якім толькі што маліўся.
Што найбольш закранае мяне?
Магчыма, словы сябра, або нейкая гісторыя, якую я нядаўна пачуў, або нейкі вопыт,
павольна падымуцца на паверхню маёй свядомасці.
Калі так, то ці гэты ўспамін пралівае святло на тое, што кажа мне ўрывак са Святога Пісання?
Заканчэнне
Я дзякую Богу за магчымасць правесці сам-насам з Ім некалькі хвілін,
і цяпер іду далей з радасцю і надзеяй
служыць Яго народу.
Амэн
Copyright © 1999-2025 Sacred Space. All rights reserved.
Прастора малітвы – гэта праект ірландскіх езуітаў.