Парады для малітвы

Развязаць адно аднаго

Гісторыя Лазара запрашае ўсіх нас уваскрэснуць тут і цяпер! Езус кліча нас з магілы ў паўнату жыцця, каб мы адчулі суцяшэнне Божай любові і спакою сёння, а не ў далёкай будучыні. Часта лягчэй заставацца ў магіле, але Езус хоча для нас большага і кажа: “Лазар, выйдзі”. Людзям кажа: “Развяжыце яго, дайце хадзіць”, і яны аднялі камень. Тут мы атрымліваем новае разуменне сілы веры і любові. Гэта заклік да ўсіх нас: адвярнуцца ад культуры смерці, дапамагчы адно аднаму развязаць путы і дазволіць сабе і іншым выйсці на святло. Быць збаўленым у гэтым сэнсе – значыць быць здаровым, адноўленым. У глабальным сэнсе гэта азначае прызнаць, што “несправядлівасць не з’яўляецца непераможнай”( Laudato Si’ , 74). Сутнасцю гэтай гісторыі ёсць тое, што любоў можа перамагчы ўсё, нават смерць і адчай. Мы ўсе можам сёння падзяліцца гэтым уваскрослым жыццём у любові і супакоі. Езус прыходзіць, каб мы маглі мець жыццё ў паўнаце (Ян 10:10).

Tríona Doherty and Jane Mellett, The Deep End: A Journey with the Sunday Gospels in the Year of Matthew

Чытаць далей

Мы створаны на вобраз Божы

Усё ў стварэнні мае сваю асаблівую прыгажосць і свой адметны спосаб праслаўлення Бога. Таму нам варта двойчы падумаць пра час, які мы марнуем на зайздрасць іншым. Злавіўшы сябе на зайздрасці, я разумею, што згубіў з поля зроку тую цудоўную, Богам дадзеную сутнасць таго, кім я ёсць. Кім ты пакліканы быць? Гэта відавочна: ты павінен быць сабой!

Створанае на вобраз і падабенства Бога, наша сапраўднае “я” схавана ў Хрысце, Новым Адаме. Адзінародны Божы Сын прыйшоў, каб паказаць нам, хто мы ёсць, і дапамагчы стаць сабой у паўнаце. Гэта можа здацца дзіўным, але мы ніколі не будзем самімі сабой, пакуль не сустрэнем Езуса Хрыста, Божага Сына, і не пазнаем і не палюбім Яго як найвялікшы дар Айца стварэнню. Менавіта праз Езуса мы вызваленыя быць тымі, кім мы прызначаны быць.

На пачатку свайго падарожжа святы Францішак маліўся: “Хто Ты, Пане, і хто я?” Францішак зразумеў, што чым больш Бог адкрываецца нам, тым больш мы пазнаём, хто мы ёсць на справе і кім мы павінны быць. Наша сапраўдная сутнасць схавана ў Хрысце і чакае нас (Клс 3:1–11). Мы не становімся тымі, кім Бог прадугледзеў, бо нам перашкаджае зайздрасць і канкурэнцыю. Аднак усё больш і больш разнявольваемся ў сваёй сапраўднай сутнасці, калі ўсведамляем, што Бог любіць безумоўна і толькі таму, што мы ёсць.

Liam Kelly OFM, The Sacred Heart Messenger, October 2024

Чытаць далей

“Што я магу зрабіць?”

Разам з агульным метадам рахунку сумлення святы Ігнацый выкарыстоўваў і “частковы рахунак”, як ён яго называў. У гэтым апошнім ён быў падобны, так бы мовіць, на сур’ёзнага паводзінавага псіхатэрапеўта. Святы Ігнацый задаваў сабе пытанне: “Якую перамену ў сваім жыцці я бачу?” – і залічваў гэтую перамену да дабра ці зла, у залежнасці ад мэты, якую ставіў перад сабой і над якой працаваў. На працягу тыдняў, двойчы на дзень, ён пазначаў на спецыяльным аркушы паперы, як ён прытрымліваецца свайго рашэння, і меў магчымасць назіраць, як рухалася справа са зменай сваіх паводзінаў. Такія пытанні і штодзённыя планы мы звычайна называем “добрымі пастановамі”. Для нас яны маглі б гучаць так: прыбіраць штовечар пісьмовы стол; не прымушаць людзей, якія прыйшлі з важнымі пытаннямі, чакаць адказу; штодзённа вызначаць час на малітву; за вячэрай распытвацца дзяцей пра іх справы; замест уніклівых невыразных адказаў выбіраць просталінейны адкрыты спосаб выказвання.
Пастановы маглі датычыцца як знешніх паводзінаў, так і ўнутраных рэчаў: выконваць якую-небудзь працу з большай засяроджанасцю. Многія прыведзеныя прыклады могуць выглядаць дробнымі, і ўсё ж адказ, які даў мудры стары летуценнаму юнаку-ідэалісту на пытанне, што ён можа зрабіць для супакою ва ўсім свеце, варты таго, каб прыслухацца: “Ты мог бы пачаць з таго, што станеш зачыняць дзверы за сабой крышачку цішэй”.
Некаторыя навуковыя даследванні сведчаць аб тым, што тыя, хто вызначыў свае мэты і сродкі і запісаў іх, цешацца нашмат большым прафесійным поспехам і зарабляюць больш, чым людзі, якія трымаюць свае планы выключна ў сваіх галовах. Верагодна, ёсць несумненная перавага ў запісванні сваіх праектаў: перавага яснасці. Але разам з тым можна заўважыць яшчэ адзін плюс: чалавек іх памятае. Азіяцкая прымаўка кажа: бляклае чарніла мацней, чым найлепшая памяць.

Віллі Ламберт SJ, The Sacred Heart Messenger

Чытаць далей

Ты цешышся мной такім, які я ёсць

На адной з лепшых паштовак, якія я калі-небудзь атрымліваў, было ўсяго чатыры словы: «Я проста люблю цябе». У той час мне найбольш хацелася пачуць менавіта гэта. І, Пане, мне заўсёды трэба чуць гэтыя словы ад Цябе.

Я з радасцю прачытаў словы Папы Францішка з адгартацыі “Радасць Евангелля”: “Нас бязмежна любяць па­над усё” (EG, 6). Важнае сцвярджэнне пра Цябе, Божа, якое азначае, што, як бы я Цябе ні засмучаў, Ты цешышся мной такім, які я ёсць. Я радыкальна любімы; Ты цалкам станоўча ставішся да мяне. Тэрапеўты больш-менш паспяхова стараюцца развіць безумоўна станоўчае стаўленне да сваіх кліентаў, іначай тэрапеўтычныя адносіны ніколі не ўмацуюцца. На чалавечым узроўні гэта адлюстроўвае Тваё стаўленне да кожнага з нас. Адносіны паміж Табой і мной могуць паглыбляцца толькі ў такой атмасферы. Таму дапамажы мне паверыць, што, колькі б негатыўных падзей ні выпала на маю долю з дзяцінства, ніхто не любіць мяне так, як Ты. Ты ніколі не адвернешся ад мяне ў расчараванні або нудзе і нішто не можа павялічыць ці паменшыць Тваю любоў да мяне.

Brian Grogan SJ, I Am Infinitely Loved

Чытаць далей

Захапленне прыгажосцю свету

Жыццё часам поўніцца неймавернай прыгажосцю. Варта было б часцей запавольвацца і заўважаць яе. Занадта часта мы дазваляем сабе абмінаць яе, прапускаць і не бачыць. Але ўсё ж часам нам удаецца яе ўхапіць. Бывае, мы ўсведамляем, што апынаемся ў прысутнасці прыгажосці, і спыняемся: дазваляем сабе заставацца ў гэтай прысутнасці. У такія моманты абуджаецца нашая свядомасць, каб сапраўды адчуць прыгажосць. Хоць такія моманты здараюцца не вельмі часта, але нясуць шмат эмоцый. Мы судакранаемся з фундаментальнай праўдай: незалежна ад пакутаў свету (а пакуты ў гэтым свеце ёсць) і кожнага лёсу (пакуты ёсць і будуць у нашым жыцці), існуе і прыгажосць. Мы не можам растлумачыць, чаму гэта так; мы можам толькі прыняць яе рэальнасць.
А прыняць няпроста. Аднак, прымаючы цярпенне, можна таксама свабодна прымаць і атрымліваць асалоду ад прыгажосці, якую бачым і адчуваем у свеце.
Намагайся заступацца за іншых: памятай у малітве тых, хто пакутуе ў гэты час; сардэчна маліся за хворых; прасі за ўсіх тых, хто не бачыць або не можа бачыць прыгажосці ў сваім жыцці сёння.

Jim Deeds & Brendan McManus SJ, Finding God in the Mess

Чытаць далей

Бог дае сілу сказаць “так”

Казаць Богу “так” з’яўляецца істотнай часткай нашых адносінаў з Ім; гэта нашая свабода сказаць “не”. Я азіраюся назад і выразна бачу, як шмат разоў у сваім жыцці казаў “не” (нават калі не разумеў гэтага як адмову Яму). Дзякуй Богу, я таксама магу ўспомніць некалькі выпадкаў, калі казаў “так”. Згода на Божыя прапановы дазваляе нам быць жывой прысутнасцю любові, радасці і міласэрнасці ў гэтым свеце. Нашае “так” заўсёды вядзе да любові і шанавання сябе, іншых і свету вакол нас.
У хрысціянскай гісторыі і традыцыі ёсць шмат людзей, якія казалі “так”: Марыя, Ерамія, Майсей, Пётр. Іхняе “так” мела вагу і значэнне. Магчыма, яны не ведалі дакладна, на што пагаджаюцца, але мелі мудрасць распазнаць, што Бог просіць іх сказаць “так”, і што ім трэба сказаць “так”.
Калі табе цяжка даецца сваё “так”, памятай, што ты ў добрай кампаніі вышэйзгаданых людзей. Ведай таксама: тыя, хто кажа “так”, маюць дар для гэтага “так” (і мы бачым, як Пётр, неадукаваны рыбак, становіцца настаўнікам, узначальвае новы рух, ідзе да святасці). Ты таксама атрымаеш дар на тое, каб сказаць сваё “так”.

Jim Deeds & Brendan McManus SJ, Finding God in the Mess

Чытаць далей

Любая добрая справа, зробленая з любоўю, мае вечнае вымярэнне

Нашыя высілкі могуць здавацца нам малымі і марнымі, але многія евангельскія сцэны раскрываюць тую самую тэму: Бог заўважае людзей і дробныя рэчы. ​​Узгадай пра лепту ўдавы або пра цуд памнажэння хлябоў і рыб (Мк 12:41–44; 8:1–9). У Кане звычайная вада ператвараецца ў найлепшае віно (Ян 2:1–12), а на Апошняй Вячэры сціплы хлеб і віно становяцца Целам і Крывёю Пана (Лк 22:19–20). Кожнае жыццё, нават самае ўтоенае, уплывае на іншых (Рым 14:7). Кожны добры ўчынак, нават самы маленькі, зроблены з любові, мае вечнае вымярэнне, таму што любоў ніколі не мінае (1 Кар 13:8), і ў час жніва мы пажнём узнагароду (Гал 6:9). Таму ёсць падстава спадзявацца, што наш сціплы ўнёсак у клопат пра хворую планету мае асаблівае сімвалічнае значэнне. Гэтую надзею выказвае Юліяна з Норвіча:

Бог паказаў мне маленькую рэч, памерам з лясны арэх, якая ляжала на маёй далоні. Я зірнула на яе і падумала: «Што гэта можа быць?» І прыйшоў адказ: «Гэта ўсё, што створана». Я дзівілася, як яно можа існаваць, бо меркавала, што з-за сваёй маласці яно можа раптам знікнуць, ператварыўшыся ў нішто. На гэта я пачула: «Яно трывае і будзе трываць вечна, таму што Бог яго любіць. І так усё існае мае свой пачатак у Божай любові». У гэтай малой рэчы я ўбачыла тры праўды: па-першае, што Бог стварыў яе; па-другое, што Бог любіць яе; і па-трэцяе, што Бог захоўвае яе.

Brian Grogan SJ, Creation Walk:The Amazing Story of a Small Blue Planet

Чытаць далей

Якія цуды ўчыніў для нас Усемагутны

Хоць у Новым Запавеце Марыя прамовіла ўсяго некалькі фраз, Яе асоба і характар ​​з тых часоў знаходзіць водгук у незлічоных вернікаў. І не толькі ў католікаў. Марыя прыцягвае мільёны людзей да санктуарыяў па ўсім свеце. Акрамя такіх вядомых месцаў, як Гвадэлупа, Лурд і Фаціма, ёсць шмат іншых, якія таксама прыцягваюць паслядоўнікаў іншых рэлігій.

Жыццё Марыі – гэта «Так» у адказ на любоў, якая пераўзыходзіла ўсе яе ўяўленні пра любоў. Марыя прыняла рашэнне ў адказ на атрыманы дар. Яна атрымала дар сустрэчы з Богам, які так наблізіўся да Яе, што чалавечае цела Яго Адзінароднага Сына сфармавалася ў яе ўлонні. У цэнтры жыцця Марыі месцілася гісторыя любові паміж Богам і Ёю – любоўная гісторыя, якая можа стаць сэрцам і нашага жыцця.

Як любая добрая маці, Марыя дапамагае нам быць у лучнасці з эмацыйным аспектам жыцця і дае здольнасць адкрыцца на Бога. Першы крок да Бога робіцца не ў тэорыі і не сілай волі. Гаворка аб тым, каб расхінуць істотную плынь уласнага жыцця, каб падрыхтаваць сябе рухацца да даверу, дабра і любові. Мы лёгка захрасаем у абрыдлых шаблонах паводзінаў. Аднак сустрэча з духоўнай глыбінёй Марыі – гэта своеасаблівае ціхае запрашэнне чэрпаць са сваіх глыбіняў. Марыя дапамагае нам сягнуць глыбей за сваю павярхоўнасць і ўмацавацца ў рэчаіснасці, карані якой ідуць праз пакаленні да Абрагама і Сары – і нават глыбей. Яна дапамагае нам убачыць вялікія справы, якія Усемагутны ўчыніў для нас. Яна дазваляе нам радавацца ў Богу, нашым Збаўцы.

Thomas G. Casey SJ, Mary in Different Traditions

Чытаць далей

Адкрыцца на ласку пазнання боскасці і чалавечнасці Хрыста

Гара Табор – гэта месца, дзе Пётр, Якуб і Ян убачылі Езуса ў ззянні Яго славы. Яны ўбачылі боскасць, схаваную за чалавечнасцю. Гэты дзень – світанак веры апосталаў у Езуса, Божага Сына, у Яго боскае жыццё. У сваёй чалавечнасці і поўнай тоеснасці Ён – вобраз Бога. Яны ведалі Яго як чалавека. А потым пачулі голас, які сказаў: «Гэта Сын Мой умілаваны» (Мц 17, 5).

Гэты голас ужо гаварыў раней: падчас хросту Езуса. Але тады яго чуў толькі Езус. Цяпер Езус адкрываецца сваім вучням як Сын Божы. «Гэта Сын Мой умілаваны». Цікава, што адбываецца далей: Бог кажа наўпрост – «Яго слухайце». Слуханне слова Божага з’яўляецца адной з найважнейшых ласк, якую можа атрымаць хрысціянін. На Імшы мы схіляемся перад месцам, дзе абвяшчаецца Слова – гэта Хрыстус, які прамаўляе ў чытанні Слова, – як мы схіляемся перад хлебам і віном на алтары. У Божым слове і Сакрамэнце Езус гаворыць і прысутнічае ў Касцёле.

Езус таксама казаў пра будучыню, даючы апосталам зразумець, што гэты дзень яны ацэняць толькі тады, калі Ён уваскрэсне з мёртвых. Тады яны зразумеюць поўны сэнс Перамянення і змогуць паразважаць, што азначае «ўваскрэснуць з мёртвых».

Пётр, Якуб і Ян запомнілі гэты дзень назаўжды. Насамрэч, Пётр пісаў пра гэтую падзею ў сваім першым пасланні. Мы можам адкрыцца ласцы пазнання боскасці і чалавечнасці Хрыста і паверыць усім сэрцам, што аднойчы мы пераменімся, каб нашыя смяротныя целы сталі падобнымі да Ягонага.

Donal Neary SJ, The Sacred Heart Messenger, August 2024

Чытаць далей

Нашая мэта – напоўніцу жыць у Божай прысутнасці

Калі мы будуем добрыя і глыбокія адносіны з Богам, злы дух спрабуе нас засмуціць, выклікаючы трывогу, расчараванне, незадаволенасць і маркоту. Не варта нават выходзіць на ягонае гульнявое поле, саступаючы спакусе або спрачаючыся са шкоднымі думкамі і падказкамі. Зрабіўшы так, мы напэўна прайграем бітву. Наадварот, нам трэба спакойна вярнуцца ў Божую прысутнасць. Як сказана ў Кнізе Зыходу: «Пан будзе змагацца за вас, а вы суцішцеся» (Зых 14, 14).
Прыклад Марыі вучыць нас, што сапраўдная радасць паходзіць ад еднасці з крыніцай усёй сапраўднай радасці – з Богам. Чым больш мы злучаныя з Богам, тым менш нас турбуюць трывогі, страхі і раны. Нам не трэба бараніцца ад іх, таму што сама Божая прысутнасць – наша абарона. На зямлі Марыя жыла так, быццам ужо была на небе, бо Яна цалкам знаходзілася ў Божай прысутнасці, заўсёды адаруючы Таго, хто напаўняў Яе святлом і радасцю. А па меры таго, як жыццё набліжалася да канца, святло ззяла ў яе сэрцы ўсё мацней і зырчэй. Яно ўзнімала ўсю Яе істоту ўгору, быццам хацела адарваць ад зямлі і падняць туды, куды ўжо ўзлятаў Яе дух, каб спяваць свой цудоўны Magnificat ва ўдзячнасці Богу навекі вечныя.

Thomas Casey SJ, Smile of Joy: Mary of Nazareth

Чытаць далей