Чаго ты хочаш?

Пытанне: «Чаго ты хочаш?» Езус часта задае ў Евангеллях. Тое, як людзі адказваюць, сведчыць пра іх прыярытэты. Калі Езус задаў пытанне сляпому, той адказаў: «Зноў бачыць». Калі задаў пытанне вучням Яна Хрысціцеля ў пачатку Евангелля паводле Яна, яны адказалі: «Дзе Ты жывеш?» У абодвух выпадках Езус мог адказаць. Калі тое ж пытанне было зададзена маці двух з дванаццаці, Якуба і Яна, Езус не здолеў адказаць на сваё пытанне. Адказ маці паказаў, што яе прыярытэтам было тое, каб яе сыны мелі статус і гонар у Валадарстве. Прырода Божага Валадарства, якое прыйшоў абвясціць Езус, была зразумета памылкова. Менавіта ў той момант, калі Езус быў пазбаўлены ўсялякага статусу і гонару, вісеў на рымскім крыжы, Ён быў публічна абвешчаны каралём. Гэта было зроблена з насмешкай, але, як ні дзіўна, было абвяшчэннем праўды. Езус найбольш поўна адкрыў Божае Валадарства любові ў той момант найвялікшага сораму і прыніжэння. Якубу, Яну і іншым вучням трэба было ведаць, што яны падпісваюцца пад валадарства, якое не мае ніякага дачынення да валадарстваў гэтага свету. Езуса не знаходзяць сярод «кіраўнікоў» і «вялікіх людзей», якія «пануюць» над сваімі падданымі і «даюць адчуваць сваю ўладу». Яго ўлада праяўлялася не ў тым, каб Яму служылі, а ў самаадданым, поўным любові служэнні іншым. Тое ж самае адносіцца да ўсіх, хто будзе Яго вучнямі. Сёння справа Езуса працягваецца ў будаванні Валадарства Божага на зямлі, а не ва ўладкоўванні яшчэ аднаго зямнога валадарства.

Martin Hogan, The Word is a Lamp on my Path

Чытаць далей

Зрабіць сэрцы прытулкам для Езуса

Святкуючы Нараджэнне Пана, мы запрошаны адкрыць сэрцы, зрабіць іх яслямі – месцам, дзе можна прыняць і сустрэць Езуса. Што гэта значыць? Якое ўздзеянне на нас аказвае гісторыя Яго нараджэння?
Магчыма, мы падобныя да пастухоў, якія перапаўняюцца радасцю. Мы можам атаясамліваць сябе з Марыяй, усё яшчэ спрабуючы зразумець, што ўсё гэта значыць. У разуменні Езуса Марыяй ёсць глыбіня і блізкасць, тады як пастухі нібы толькі павярхоўна дакрануліся да Яго. Вера і адносіны з Богам праходзяць праз розныя перыяды. Узлёты і падзенні ў жыцці могуць заспець нас знянацку, і мы можам паглядзець на рэчы па-іншаму. Калі мітусня Адвэнту заканчваецца, Божае Нараджэнне можа спыніць нас, даць час адпачыць у захапленні і падзякаваць Богу за Яго вернасць. Гэта час, каб пасядзець з Марыяй, пакуль Яна разважае.

Трыёна Доэрці і Джэйн Мелет, «The Deep End: A Journey with the Gospels in the Year of Matthew

Чытаць далей

Таямніца

Для разважання і малітвы на гэтым тыдні:

У рэлігійных тэрмінах мы б назвалі Юзафа праведным чалавекам, які прытрымліваўся рэлігійных думак і практык. Візіт анёла выпрабоўвае яго вернасць Богу і Марыі. Ён не падводзіць іх і спаўняе пакліканне апекуна Езуса і Марыі, ён знаходзіць новую адкрытасць на таямніцу Бога.
Добрая рэлігійнасць адчынена на таямніцу жыцця; аднак жыццё кідае нам выклік і запрашае ісці далей. Нам патрэбен Касцёл, асветлены Богам, як гэта было з Юзафам. Ягоны цяжар Бог палегчыў, калі ён адкрыўся і ўзяў Марыю дадому як сваю жонку, незалежна ад меркавання іншых. Звеставанне Юзафу – слова Божае ад анёла ў сне. Яно адкрыла велізарны новы сэнс. Мы прымаем гэтае слова як цэнтральную частку нашага жыцця, і ў наступны раз, калі сустрэнемся са Словам, яно станецца целам.

Donal Neary SJ, Gospel Reflections for Sundays of Year A

Чытаць далей

Перамена сэрца

Невыпадкова мы сустракаем Яна Хрысціцеля і яго складанае пасланне падчас Адвэнту. Ягоны заклік да пакаяння, магчыма, нас не натхняе, бо мы знаходзімся ў больш узнёслым настроі, але «пакаяцца» літаральна азначае «павярнуцца» або «вярнуцца назад» (metanoia). Гаворка не пра тое, што мы абцяжарваем сябе пачуццём віны; хутчэй, гэта заклік перамяніцца, адвярнуцца ад таго, што не дадае нам жыцця, і прапанова прыняць тое, што дапамагае нам жыць паўнавартасна і больш ураўнаважана. Такім чынам мы ствараем прастору для прыняцця ласкі і любові Хрыста на Божае Нараджэнне. Мы зноў усведамляем Яго любячую прысутнасць у сэрцы і ў свеце вакол нас. Вось што вызваляе і дапамагае прысвяціць сябе любові і нараджэнню Бога ў нашых сэрцах. Тое, як мы рыхтуемся цягам гэтых тыдняў, мае важнае значэнне і можа прынесці шмат благаслаўленняў. Сёння Ян запрашае сваіх сучаснікаў і нас да перамены сэрца.

Tríona Doherty and Jane Mellett, The Deep End: A Journey with the Gospels in the Year of Matthew

Чытаць далей

Тая, якая Бога насіла

З часам нашы вобразы Марыі сталі нібы стэрылізаванымі, часткова з-за культурных рамак успрымання ролі жанчыны, але таксама з-за даўняй повязі ў касцёльнай традыцыі паміж «святасцю» і «чысцінёй» для жанчын. Мы вяртаемся да каранёў Марыі, калі Яна, смелая, рашучая, задыханая і ўсхваляваная маладая жанчына, кінулася ў дом Альжбеты, цяжарная Божым абяцаннем, цяжарная радасцю, несучы Слова Божае і перадаючы яго далей. Многія з нас маюць асаблівую пашану да Марыі. Адвэнт – ідэальны час, каб паразважаць над тым, чаму Марыя можа навучыць нас пра тое, як быць вучнем і «носьбіткай Бога» (Theotokos). Бог просіць кожнага з нас быць носьбітам Яго любові і Яго Слова. Наша задача – стварыць прастору для Бога ва ўсім нашым чалавечым вопыце, у нашай радасці і нашай разбітасці. Давайце пойдзем па слядах першай евангелісткі Марыі. Давайце таксама прыслухаемся да таго, што перажылі жанчыны ў нашым Касцёле і грамадстве, якія сваёй сілай і энтузіязмам працягваюць несці Хрыста ў свет і ў свет.
Tríona Doherty and Jane Mellett, The Deep End: A Journey with the Gospels in the Year of Luke

Чытаць далей

Чыстая душа

На пачатку Адвэнту варта ўсвядоміць, што чыстая душа, як і чысты дом, патрабуе намаганняў, досыць няпростых. Калі мы сапраўды хочам, каб Пан прыйшоў і застаўся, трэба падрыхтаваць шлях. Па сутнасці, прывесці ў парадак дом – душу. Нейкім чынам нам трэба зноў пачуць словы сотніка і ўсвядоміць, што яго словы з’яўляюцца і нашымі: «Пане, я не варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой». Нам патрэбен план дзеянняў, своеасаблівая дарожная карта, якая будзе накіроўваць нас у гэтым падарожжы.

Сакрамэнт паяднання забяспечвае частку гэтай дарожнай карты. Яго каардынаты ўжо вядомыя, а першы крок пачынаецца знакам крыжа перад канфесіяналам.

Вінцэнт Шэрлак, Няхай Адвэнт будзе Адвэнтам

Чытаць далей

Большае дабро

У культуры, прасякнутай індывідуалізмам, нам, магчыма больш чым калі-небудзь, трэба вывучыць урок, які даў нам Хрыстус Валадар. Мы – абаронцы нашых братоў і сясцёр. «Мы жывём у ценю адно аднаго», як кажа ірландская прымаўка. Хоць незалежнасць – добрая рэч, узаемазалежнасць – большае дабро, бо азначае зычлівае сэрца і адкрытую руку. Цяжкае становішча бежанцаў добра задакументавана, але былі і ёсць трывожныя галасы, якія выказваюць апазіцыю. Ірландская Руна пра гасціннасць кажа:

Учора мы бачылі падарожнага.
Пакідаем навідавоку ежу, каб мог паесці,
Напоі, каб наталіць смагу,
Музыку, каб паслухаць.
І тады са святым іменем трыадзінага Бога
Мы благаслаўлёныя, і наш дом,
Нашая жывёла і нашыя блізкія.
Як спявае жаўрук у сваіх пералівах:
Часта, часта, часта ідзе Хрыстус
У абліччы падарожнага.

Вядома, тое не з’яўляецца ўнікальнай ірландскай асаблівасцю, бо многія культуры інстынктыўна ведаюць, што трэба шанаваць сэрца чужынца; трэба ўсведамляць, наколькі гэты чалавек падобны да нас; трэба памятаць пра чалавечнасць кожнай асобы. Гасціннасць да падарожных стаецца нашым благаслаўленнем і дапамогай ім.

У Божай сям’і няма чужых, толькі сваякі ці клан, так бы мовіць. Такое сваяцтва – Божая мара, якая стала рэальнасцю. Ідзецца аб тым, каб уявіць кола спагады, і што па-за гэтым колам нікога няма. Усё, што робіш з любоўю, мае вечную каштоўнасць.

Сёння Хрыстус Валадар кажа нам: «Што вы робіце для іншых, тое робіце для Мяне».

Tom Cox, The Sacred Heart Messenger, 2023

Чытаць далей

Бог абдымае кожнага з нас

Хрыстус уваскрос у нас. Часам мы так занятыя, што не ў стане заўважыць гэтую праўду. Але калі нам удаецца, калі мы разумеем, што Бог сапраўды ёсць ва ўсім і абдымае кожнага з нас, тады змяняем сваю паставу і ўспрыманне. Пачынаем хацець узрастаць у адкрытасці Богу любові і спачування, ажыццяўляць Божую волю.

І вось, нашыя рукі перастаюць нешта рабіць дзеля самога дзеяння, мы аддаемся ў распараджэнне Божай мары. Мы дазваляем Божаму духу дзейнічаць праз нашыя рукі, праз нас цалкам, пакорліва і цярпліва, калі разумеем сваё ўнікальнае месца ў Божай задуме. Нашыя рукі вучацца выконваць працу Пана, калі мы больш паглыбляемся ў таямніцу Бога.
Эрык Клейтан, The Sacred Heart Messenger, 2023

Чытаць далей

Наш жыццёвы шлях

Усе мы ў рэшце рэшт дойдзем да канца свайго шляху тут, на зямлі. Хрысціяне вераць, што жыццё змяняецца, але не канчаецца. Мы ўсе вандруем, многія з нас перажывуць страту. Надзея на Хрыста не пазбаўляе нас смутку па блізкай асобе і разбітага сэрца.

Памерлага чалавека не заменіш нікім, бо ўсе людзі ўнікальныя. Мы сустрэнем новае каханне, але не будзем і не павінны забываць перажытае. Магчыма, Божы план у тым, каб стварыць адзінства паміж людзьмі: «Няхай яны будуць адно, як Ты і Я, Ойча, адно». Калі мы губляем кагосьці дарагога, пастараемся суцешыць адзін аднаго, як вучыў Езус, але я не думаю, што Ён калі-небудзь меў на ўвазе, што адзін чалавек можа замяніць іншага.

Ваш блізкі пакіне пасля сябе шмат каштоўных успамінаў. Магчыма, у яго быў свой уласны рытуал, і можна ўшагаваць яго жыццё, паўтараючы гэты рытуал. Мы таксама можам зрабіць што-небудзь ва ўспамін пра яго, напрыклад, пасадзіць дрэва або прысвяціць кнігу. Гэты твор прысвечаны маёй любімай маці, якая нядаўна памерла. Мне пашанцавала мець падтрымку сяброў і сям’і, але я вельмі сумую па ёй. Ніхто не заменіць блізкага чалавека, які пакінуў гэты свет. Але любоў нікуды не дзенецца, любоў не можа памерці.

Мэры Хант, Пасланніца Святога Сэрца , лістапад 2023 г.

Чытаць далей

Малітва на ўспамін нашых памерлых

Лістапад — месяц малітвы за нашых памерлых і ўшанавання іх жыцця. Мы ўзгадваем тых, хто ўжо адыйшоў. У нас ёсць скарбніца добрых успамінаў пра дарагіх нам родных і, магчыма, некаторыя балючыя ўспаміны пра расстанне і прымірэнне; ёсць успаміны пра школу, суседства і незлічоныя дробныя добрыя справы.

У момант смерці мы можам азірнуцца назад і ўбачыць, што многія нечаканыя рэчы ў жыцці былі вартыя таго і прынеслі нам шчасце, нават калі яны былі цяжкімі ў свой час. Вера дапамагае нам перажыць боль успамінаў пра блізкіх, незалежна ад таго, сумуем мы па іх ці шкадуем пра нейкія аспекты адносін з імі. Цяпер яны з Богам і ў паўнаце любові. Можна спадзявацца, што яны далі рады з пакаяннем за памылкі, грахі і няўдачы. У вечнасці мы з Богам будзем у сваёй найлепшай форме.

Папулярным пахавальным чытаннем з’яўляецца ўрывак з кнігі Эклезіяста пра тое, што «на ўсё ёсць свой час». Гадзіна смерці не залежыць ад нашага выбару. Не тое, каб Бог запланаваў дату смерці, хутчэй, цела мае свой уласны «гадзіннік» і можа існаваць толькі пэўны час. У тую хвіліну Бог блізка, вельмі блізка, каб прыняць нас дадому.

Пахавальная літургія з удзячнасцю ўспамінае жыццё чалавека, але таксама сутыкаецца з пытаннем — дзе ён/яна зараз? Усё, што мы можам сказаць, гэта тое, што мы ўбачым Бога тварам у твар і нейкім таямнічым чынам з’яднаемся з усімі, каго ведалі і любілі на зямлі.

На пахаванне кожны з нас можа прынесці з сабой тое, што атрымаў ад знаёмства з памерлым чалавекам: дапамогу, малітвы, любоў. Нават у журбе мы можам адысці ад нашых пахавальных рытуалаў і адказаць на пытанне: «Як гэты чалавек узбагаціў маё жыццё?»

Донал Ніры SJ, Пасланец Святога Сэрца , лістапад 2023 г.

Чытаць далей