Дзень 3: Мары і жаданні
Мары і жаданні
«Дбайце не пра ежу, якая гіне, але пра ежу, што застаецца на жыццё вечнае, якую дасць вам Сын Чалавечы, бо Яго пазначыў Бог Айцец!» (Ян 6, 27).
Падчас аднаўлення сіл пасля ранення ў бітве пры абароне Памплоны Ігнацый часткова праводзіў дні ў марах пра вялікія справы, якія ён мог бы ўчыніць, і пра прыгожую жанчыну, да якой ён будзе заляцацца пасля выздараўлення. Калі ж яму прынеслі кніжкі пра жыццё Хрыста і святых, ягоныя мары набылі іншы накірунак. Ён пачаў марыць, як мог бы таксама стаць святым і здзейсніць вялікія рэчы для Бога.
Тады ён і заўважыў розніцу паміж рознымі плынямі думак. Мары пра зямныя поспехі і заваяванні амаль адразу рассейваліся, пакідаючы яго хутчэй спустошаным. А мары пра нябеснае валадарства захоўвалі сваю прыцягальнасць, пакідаючы яго натхнёным і поўным энергіі. Гэта была розніца паміж звычайнымі марамі і марамі, якія прыходзілі ад Бога. Першыя адлюстроўвалі толькі яго павярхоўныя надзеі і памкненні. Мары пра Божыя справы былі выразам яго найглыбейшых, часта неўсвядомленых жаданняў.
Разважанне
Ці кранула маё сэрца розніца, якую заўважыў Ігнацый? Ці я распазнаю нейкія свае павярхоўныя жаданні?
Калі паглыбляюся ў малітву, ці магу я выявіць сляды сваіх самых глыбокіх жаданняў? Чаго я па-сапраўднаму прагну найбольш?
Не варта баяцца «жаданняў». На найглыбейшым узроўні яны з’яўляюцца пунктам, дзе нашы ўласныя прагненні сустракаюцца з прагненнем Бога адносна нас.
Малітва дня
Пане, прашу Цябе, дапамажы мне распазнаць розніцу паміж тым, чаго я жадаю толькі павярхоўна, і тым, што ўкаранёна ў самай глыбіні сэрца. Дай мне ласку засяродзіць увагу і энергію на тым, што найглыбейшае, і паступова адмовіцца ад жадання таго, што не мае трывалай каштоўнасці. Прыцягні мяне глыбей у сэрца таго, чаго я сапраўды прагну, каб у гэтай чыстай прасторы мае прагненні маглі злучыцца з Тваім прагненнем адносна мяне.
Малітва навэнны
Пане, стаю ў Тваёй прысутнасці, прыведзены Святым Духам, натхнёны жыццём і навучаннем Твайго слугі Ігнацыя, і прыношу Табе сваю інтэнцыю ў гэты асаблівы час малітвы… (выказаць інтэнцыю). Па прыкладу святога Ігнацыя, я прагну больш Цябе пазнаць, каб мацней палюбіць і больш рашуча ісці за Табой. Паўтараючы яго словы, і ў моцы Твайго Духа, я асмельваюся казаць: “Вазьмі, Пане, і прымі ўсю маю свабоду, памяць, розум і ўсю маю волю – усё, што маю і чым валодаю. Ты мне ўсё гэта даў – Табе, Пане, вяртаю. Усё Тваё. Распараджайся гэтым паводле сваёй волі. Дай мне толькі любоў Тваю і ласку, і мне гэтага хопіць”.