Навэнна да святога Ігнацыя

Традыцыя малітвы ў пэўнай інтэнцыі на працягу дзевяці дзён знаходзіць натхненне ў тым, што Марыя і адзінаццаць вучняў дзевяць дзён разам маліліся ў Вячэрніку, чакаючы спаслання Святога Духа на Пяцідзесятніцу. Вучні ў той час былі маленькай супольнасцю, напоўненай крохкім, але спадзеўным даверам. Яны зведалі хаос неразумення, але захоўвалі ў сэрцах глыбокае жаданне працягваць ісці за Езусам і ўвасабляць Ягоную любоў усім сваім жыццём. У гэтым плане яны напэўна былі вельмі падобныя да нас.
Запрашаем памаліцца гэтай дзевяцідзённай навэннай да святога Ігнацыя Лаёлы , ахвяруючы яе Богу ў абранай вамі інтэнцыі: за сябе, за блізкіх, у патрэбах усяго свету.
Молячыся ў любой інтэнцыі, трымайце ў сэрцы адну важную рэч: Бог ведае, што лепш для вас, вашых блізкіх і свету. Такі акт даверу і дазволу Богу – дазволу на здзяйсненне Божай волі, незалежна ад нашай першапачатковай інтэнцыі, – з’яўляецца актам сапраўднай веры. Як сказаў бы святы Ігнацый: “Suscipe” – вазьмі, Пане, усё, чым я ёсць і чым валодаю. Дай мне Сваю любоў і ласку, бо гэта ўсё, што мне патрэбна.
Навэннай можна маліцца ў любы час, але традыцыйна такую форму малітвы абіраюць у набліжэнні свята ці нейкага знамянальнага дня з жыцця святога. Паколькі літургічны ўспамін св. Ігнацыя Лаёлы прызначаны на 31 ліпеня, першым днём навэнны стане 23 ліпеня, калі мы хочам завершыць яе ў святочны дзень, або 22 ліпеня, калі плануем завершыць напярэдадні свята.
Сярод значных падзей жыцця св. Ігнацыя можна вылучыць дзень яго ранення ў Памплоне гарматным ядром – 20 мая; прыміцыйную св. Імшу ў базіліцы Найсвяцейшай Панны Марыі (Santa Maria Maggiore) – 25 снежня; заснаванне Таварыства Езуса – 27 верасня. Можна таксама скарыстацца альтэрнатыўным спосабам: узяць дату, значную для вас асабіста, і пачаць маліцца навэннай да святога Ігнацыя за 9 дзён да гэтай даты.
Кожны дзень навэнны мае наступную структуру:
- Урывак са Святога Пісання ў адпаведнасці з тэмай дня
- Кароткае апісанне некаторых аспектаў навучання св. Ігнацыя і яго актуальнасць у сучасным свеце
- Разважанне на некалькі хвілін
- Асабістая малітва гэтага дня
- Малітва навэнны, якая яднае дзевяцідзённае падарожжа ў адно цэлае.
На кожны дзень навэнны заплануйце некаторы час на спакойны роздум у самоце або з блізкімі над фрагментам Пісання і словамі св. Ігнацыя. Затым, на працягу зручнага для сябе часу, затрымайцеся над разважаннем і падумайце, што яно азначае для вас сёння. Кароткую малітву, якая прапануецца далей, пастарайцеся зрабіць сваёй, можаце нават перафармуляваць яе па-свойму. На заканчэнне абавязкова памаліцеся словамі навэнны ў вызначанай вамі інтэнцыі.
Больш падрабязную інфармацыю пра жыццё і навучанне св. Ігнацыя можна знайсці па спасылцы Святы Ігнацый