Дзень 5: Святло і цень
Святло і цень
«Народ, які хадзіў у цемры,
убачыў святло вялікае;
над жыхарамі краіны смяротнага ценю
заззяла святло.
(Іс 9:2)
Ключом да мудрасці Ігнацыя ў прыняцці лепшых рашэнняў (так званае “мастацтва распазнавання”) з’яўляецца разуменне духоўнага суцяшэння і пакінутасці (на англійскай мове, consolation і desolation). Гэтыя словы паходзяць ад лацінскага con sol (з сонцам) і de sol (ад сонца). Калі пад «сонцам» мець на ўвазе Святло Хрыста, то быць у духоўным суцяшэнні азначае быць сканцэнтраваным на сапраўдным Святле, якое асвятляе ўсе нашы выбары і дзеянні. Знаходзіцца ў духоўнай пакінутасці значыць адвярнуцца ад гэтага Святла і засяродзіцца на ўласным ценю.
Часам бацькі папярэджваюць дзяцей, якія робяць хатняе заданне, сеўшы спіной да акна ці лямпы, што яны сядзяць «у сваім уласным святле» і не могуць выразна бачыць, што робяць. Калі б дзеці павярнуліся, святло без перашкод асвятліла б працу, і яе вынік, хутчэй за ўсё, быў бы лепшы.
Мы лёгка адварочваемся ад Святла Хрыста і сядзім “ва ўласным святле”, спрабуючы знайсці свой шлях наперад праз уласнае недасканалае і абмежаванае разуменне. Так выглядае духоўная пакінутасць, якая вядзе да замяшання і павялічвае шанцы зрабіць згубны выбар.
На шчасце, як толькі мы зразумеем, што адвярнуліся ад Святла, ад нас патрабуецца толькі абярнуцца, і Святло зноў заззяе над намі і будзе накіроўваць нашыя крокі, дзякуючы дару духоўнага суцяшэння.
Разважанне
У сітуацыі, якая мяне найбольш турбуе зараз, ці гляджу я на святло, дазваляючы яго промням свяціць на праблему, ці сяджу тварам да свайго ценю?
Калі я адчуваў, як Святло Хрыста асвятляе мой шлях, а Святы Дух кіруе маімі крокамі? Тады шлях наперад выглядаў значна яснейшым. Падзякую Богу за гэтыя часы.
Духоўнае суцяшэнне можа ахапіць нас нечакана. Калі я адчуваў такую нечаканую ласку? Ці змяніла яна мяне? Вывела мяне з “зоны камфорту”?
Малітва дня
Пане, дай мне Сваю ласку, каб я мог заўважыць, калі адварочваюся ад Святла Хрыста і намагаюся знайсці ўласны шлях паводле свайго скажонага разумення. Прашу, адары мяне пакорай, каб я павярнуўся да Святла і дазволіў яму ззяць у розуме і сэрцы праз дар духоўнага суцяшэння. Абарані мяне ад ілюзіі, што “я ведаю лепш”, і аднаві маю веру ў Цябе, Бога адзінага, які ўсё ведае і ўсіх любіць.
Малітва навэнны
Пане, стаю ў Тваёй прысутнасці, прыведзены Святым Духам, натхнёны жыццём і навучаннем Твайго слугі Ігнацыя, і прыношу Табе сваю інтэнцыю ў гэты асаблівы час малітвы… (выказаць інтэнцыю). Па прыкладу святога Ігнацыя, я прагну больш Цябе пазнаць, каб мацней палюбіць і больш рашуча ісці за Табой. Паўтараючы яго словы, і ў моцы Твайго Духа, я асмельваюся казаць: “Вазьмі, Пане, і прымі ўсю маю свабоду, памяць, розум і ўсю маю волю – усё, што маю і чым валодаю. Ты мне ўсё гэта даў – Табе, Пане, вяртаю. Усё Тваё. Распараджайся гэтым паводле сваёй волі. Дай мне толькі любоў Тваю і ласку, і мне гэтага хопіць”.