Session 2: Living in balance
Супакой
Затрымайся на пару хвілін перад малітвай:
Звярні ўвагу на дыханне, не змяняючы яго рытму. Заўваж асобны ўдых… і выдых… звярні ўвагу на рытм… глыбіню… якасць. . . тэмпературу паветра. . . адчуванне таго, як паветра ўваходзіць і выходзіць з рота ці носа… У канцы зрабі тры глыбейшыя ўдыхі. . .
Святое Пісанне
Ян 12:23-26
А Езус сказаў ім у адказ:
«Настала гадзіна, каб быў услаўлены Сын Чалавечы. Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прынясе багаты плён. Хто любіць жыццё сваё, загубіць яго, а той, хто ненавідзіць жыццё сваё на гэтым свеце, захавае яго для вечнага жыцця.
Калі хто служыць Мне, няхай ідзе Маім шляхам; і дзе Я, там будзе і слуга Мой. І хто Мне служыць, таго ўшануе Айцец Мой.
Разважанне
Адно з выказванняў Езуса, якое гучыць абсурдна. Супярэчыць гэта ўсім нашым інстынктам і сучаснаму псіхалагічнаму разуменню – «ненавідзець жыццё сваё ў гэтым свеце», не кажучы ўжо пра відавочнае абяцанне, што калі мы будзем дастаткова ненавідзець сваё жыццё, мы зможам захаваць яго назаўжды.
І ўсё ж гэтае дзіўнае папярэджанне ў сённяшнім чытанні можна лічыць цудоўным ключом да спасціжэння таямнічага паняцця, якое ў ігнацыянскай духоўнасці носіць назву «адчужанасць». Слова «адчужанасць» можа здацца своеасаблівай сепаратысцкай абыякавасцю да астатняга свету і патрэб іншых людзей. Насамрэч, з пункту гледжання духоўнасці, яно мае на ўвазе практычна супрацьлеглыя рэчы. Хіба лепш было б акрэсліць гэтае паняцце як мастацтва захоўваць раўнавагу адносна ўсяго, што адбываецца, каб нас не збівалі са шляху ні трыумф, ні катастрофа, але каб мы маглі, па словах Рэдзьярда Кіплінга, «ставіцца да гэтых двух самазванцаў аднолькава», не дазваляючы ім завалодаць нашай свядомасцю.
Калі ёсць штосьці (або хтосьці), чым мы празмерна жадаем валодаць, або чаго празмерна жадаем пазбегнуць, такая прывязанасць пазбаўляе нас унутранай свабоды, і мы можам стаць яе нявольнікамі. Бог заклікае нас рабіць выбар, які не натхняецца надзеяй на выгаду або страхам страты, але паходзіць з самай глыбіні сэрца, дзе жыве Бог.
Сакрэт у тым, каб дастаткова спакойна ставіцца да ўсіх створаных рэчаў і абставін, каб яны не спакушалі нас і не вялі да рашэнняў, якія супярэчаць нашым найглыбейшым каштоўнасцям. Гаворка ідзе пра тое, каб з удзячнасцю карыстацца ўсімі дарамі, пакуль яны ў нас ёсць, і не адчайвацца, калі мы іх губляем, каб нішто на зямлі не мела сілы знішчыць нашу духоўную раўнавагу.
Ініга засвоіў гэты ўрок на ўласным горкім вопыце праз горкі досвед уласнай уразлівасці і кампульсіўнасці, а часам нават праз адчай. Мы не адны на гэтай няроўнай дарозе.
Гэтае чытанне таксама мае вырашальнае значэнне для шляху да пераўтварэння, паколькі ўражвае вобразам зерня, якое падае ў зямлю і памірае, перш чым явіцца новае жыццё, заключанае ў ім. Мы ўсе ведаем з прыроднага свету, што менавіта так жыццё аднаўляе сябе, але складана прыняць той факт, што нешта ў нас саміх, нашым грамадстве ці сусветным парадку таксама павінна памерці, калі мы хочам мець свабоду перайсці да наступнага этапу. Каб дазволіць гэтаму працэсу адбыцца, мы павінны настолькі вызваліцца ад уласніцкага ўтрымлівання гэтых рэчаў, каб дазволіць ім памерці, калі надыдзе час.
На працягу жыцця нам давядзецца адпусціць шмат чаго, у тым ліку, цалкам імаверна, сродкі да існавання, адносіны, здароўе, мабільнасць, здольнасці, фінансавую бяспеку, незалежнасць і, у рэшце рэшт, само фізічнае жыццё. Працэс дыястанцыянавання — гэта пастаянная праблема. Езус папярэджвае нас, але таксама вучыць прыняць гэтую рэчаіснасць і суправаджае нас у гэтым, перажываючы мноства чалавечых страт у сваім зямным жыцці.
Размова з Богам
На гэтым тыдні ўважліва прыгледзься да свайго жыцця. Ёсць рэчы, за якія ты занадта моцна чапляешся або без чаго не можаш уявіць сабе існаванне? Магчыма, ты поўны рашучасці дасягнуць чагосьці любой цаной? Або ёсць штосьці такое, з чым ты настолькі баішся сутыкнуцца, што прыкладаеш усе намаганні, каб пазбегнуць гэтага? Заклік да адчужанасці заклікае цябе аслабіць сваю хватку на любой зямной мэце, якая імкнецца захапіць тваю свядомасць. А затым ты зможаш цешыцца свабодай рабіць свой жыццёвы выбар, трываючы ва ўнутранай раўнавазе.
Часам добрае можа быць ворагам лепшага. Ці ёсць які-небудзь аспект у тваім жыцці, які, хоць і выдаецца добрым, варта было б адпусціць, каб дазволіць з’явіцца лепшаму? Можа, настаў час, калі наша чалавечае «пшанічнае зерне» падае ў зямлю і памірае? Ці верыш, што гэтая «смерць» з’яўляецца неабходнай перадумовай для ўзнікнення новага жыцця? Ці можа тое, што мы лічым пагрозай нашаму дабрабыту, стаць шляхам да нашага лепшага самаадчування? У чым такое лепшае жыццё магло б выявіцца, на тваю думку?
Апошняя частка сённяшняга чытання вельмі выразна заклікае да служэння і наследвання Хрыста. Крок па кроку мы даведаемся больш пра тое, што значыць служыць Богу і адно аднаму, што значыць ісці за Езусам, каб гэта быў шлях любові. Звярні ўвагу, што Езус неаднаразова просіць нас ісці за Ім, не пакланяцца, а ісці, не проста гаварыць, а дзейнічаць згодна са словамі. Што гэты заклік азначае для цябе асабіста?
Запішы ў сваім дзённіку ўсё, што табе адкрылася ў малітве, усё, за што ты чапляешся або чаго баішся, або ўсё, што, на тваю думку, як зерне, памерла і ўпала ў зямлю.
На гэтым тыдні мы можам памаліцца аб ласцы прызнаць і прыняць уласную ўразлівасць, з верай у тое, што смерць зерня таго, чым мы сябе лічым, можа вызваліць новы рост таго, чым мы можам стаць.