Узрастанне поруч з Ігнацыем
Кожны з нас мае сваю асабістую ролю ў вялікай гісторыі пераўтварэння. «Пераўтварэнне», як можа камусьці здавацца, не для нас, маленькіх людзей. Перамяняюцца святыя і героі, а не сціплыя пілігрымы на камяністай дарозе. А праўдай з’яўляецца якраз супрацьлеглае. Пераўтварэнне, перамена, трансфармацыя – як ні назаві – насамрэч адбываецца: аднаго пілігрыма за раз, цераз адзін балючы крок па другі, менавіта на камяністай дарозе жыцця. Евангелле дае нам і візію, і мапу для гэтага падарожжа.
Мы можам прыняць запрашэнне да перамены на гэтых анлайн-рэкалекцыях, дзе мы адкрыем шлях, які спачатку правядзе нас праз хваляванні, якія ўсе мы перажываем час ад часу і, магчыма, нават сёння, але будзе абяцанне зусім новага і іншага заўтрашняга дня. Узрушэнні, бязладдзе, хваляванні — каталізатар змен. Спачатку, як мы памятаем, Дух лунаў не над парадкам, а над хаосам, нараджаючы новае стварэнне.
Мы здзяйс=няем гэтае падарожжа асабіста; аднак я хацеў бы прадставіць табе аднаго канкрэтнага пілігрыма, які будзе суправаджаць нас. Магчыма, ты ўжо добра знаёмы з ім, а можа, ніколі пра яго не чуў. Гэта не мае значэння — ён не будзе мець да цябе прэтэнзій. Яго імя – Ігнацый Лаёла, але я выбіраю называць яго проста Ініга. Ініга вёў свае ўласныя бітвы, калі сутыкнуўся з выклікам змяніць жыццё, паўтысячагоддзя таму. Ён натхнёна рабіў нататкі пра сваё ўнутранае падарожжа, поўнае шматлікіх дароў і ласк, але таксама пра часы спакус і адчаю. Гэтыя нататкі ляглі ў аснову яго «Духоўных практыкаванняў» . Не заўсёды людзі ўлічваюць, што Ініга быў свецкай асобай, калі здзяйсняў гэтае знакавае падарожжа, якое змяніла свет, і фармуляваў свае «Практыкаванні» . Імі кіраваліся многія мільёны людзей у сваіх духоўных пошуках цягам мінулых стагоддзяў. Варта адзначыць таксама, што Практыкаванні незвычайна і глыбока сугучныя псіхалогіі і духоўнасці ХХІ стагоддзя.
Першае, што Ініга хацеў бы нам сказаць: «Не ідзіце за мной. Ідзіце за Тым, за кім іду я». Ігнацыянская духоўнасць цалкам хрыстацэнтрычная і крочыць за Евангеллем. Яна дае нам своеасаблівы духоўны набор інструментаў, які дапаможа адолець евангельскі шлях вельмі практычным і даступным спосабам. Мы будзем шырока выкарыстоўваць гэты набор інструментаў падчас рэкалекцый. Ён адкрывае магчымасці для роздуму над нашымі адносінамі з Богам і тым, як больш рашуча ісці за Езусам, вучыцца ў Яго, імкнуцца ўкараніць Ягоныя каштоўнасці і мудрасць у сваё жыццё. Падарожжа прывядзе нас, як і Яго, у змрочныя месцы, а потым па-за іх межы – да радасці новага світання. Перш за ўсё, гэты шлях паставіць нам пытанне: «Аб чым просіць Любоў цяпер, у тым месцы, часе і абставінах, у якіх ты знаходзішся?»
У пачатку дарогі Ініга заклікае скласці штодзённы малітоўны рэжым, які падыходзіць менавіта табе, і ўключае:
— рэфлексію над тым, чаго просіш у Бога сёння, якога дару ці ласкі ты асабліва шукаеш? Езус аднойчы спытаў сляпога чалавека: «Што хочаш, каб Я зрабіў табе?» (Лк 18, 41). Сляпы прасіў, каб зноў бачыць. Падумай, як бы ты сам адказаў на гэтае пытанне. Магчыма, ты таксама шукаеш больш выразнага зроку ў нейкім аспекце жыцця?
— штодзённае прысвячэнне часу (каля 10-15 хвілін) на тое, каб азірнуцца на пражыты дзень. Гэтую форму малітвы часта называюць «рахункам сумлення» або проста «праглядам дня»; Ініга заклікаў сваіх таварышаў ніколі не грэбаваць гэтым духоўным практыкаваннем, нават калі не хапае часу на іншую форму малітвы. Гэта не дробязнае перапражыванне дня, а разнявольванне ў Божай прысутнасці ды ўспамін пра тое, што найбольш кранула, прымусіла змагацца, устрывожыла ці суцешыла. Дзе быў Бог у падзеях дня? За што ты найбольш удзячны? Магчыма, падумаўшы, штосьці ты хацеў бы зрабіць інакш або не рабіць увогуле? Проста прынясі ўсё гэта ў малітву, не асуджаючы сябе ці каго-небудзь іншага, і папрасі святла Духа Святога, каб убачыць тое, што Бог хоча паказаць і даць.
Калі возьмеш у рукі тэкст Святога Пісання, прапанаваны для кожнай часткі рэкалекцый, выкарыстоўвай любую форму малітвы, якая табе дапамагае: малітву ўважнага сэрца (lectio divina), альбо малітву ўяўленнем, уваходзячы асабіста ў біблійную сцэну (разважанне з уяўленнем). Адкрый сваё сэрца на ўсё, што Бог хоча аб’явіць табе.
Падчас падарожжа бывае карысна весці ўласныя нататкі ў выглядзе дзённіка, запісваючы, што закранула да глыбіні сэрца, прыцягнула ўвагу, якую ласку прынёс мінулы тыдзень, з якімі выклікамі давялося сустрэцца, што або хто падбадзёрыў і падтрымаў. Гэта зусім не абавязкова мае быць літаратурны твор — сапраўды, наогул не павінен, — але адлюстраванне тваіх шчырых пачуццяў адносна таго, куды цябе вядзе малітва. Некаторым больш падабаецца рабіць гэта ў альбоме для эскізаў і малюнкаў, замест слоў. Максіма ігнацыянскай духоўнасці — выкарыстоўваць усё, што дапамагае наблізіцца да Бога, і пакідаць убаку ўсё, што не дапамагае.
Няхай гэтыя тыдні падарожжа праз рэкалекцыі прывядуць нас яшчэ бліжэй да Бога і да ўсіх Божых стварэнняў, а таксама да глыбокай і святой крыніцы нашага быцця.