Session 4: Eyes to see, ears to hear
Супакой
На хвілінку спыніся, каб суцішыцца і супакоіцца:
Дапускаю, ты цяпер сядзіш, але можна выкарыстаць гэтае практыкаванне да любой паставы. Прасканіруем цела… звярні ўвагу на свае ногі, якія стаяць на падлозе, і на тое, як ты іх адчуваеш… як яны дакранаюцца да адзення… і да крэсла, на якім сядзіш… як ты адчуваеш паясніцу… спіну між лапаткамі… плечы… па меры руху звярні ўвагу на напружанне і адпусці яго… шыя… галава… твар… мы часта адчуваем напружанне ў твары, таму звярні на яго ўвагу і дазволь больш расслабіцца… лоб… вакол вачэй… сківіца… рот… не старайся занадта, інакш рэлакс не атрымаецца! . Але прыходзь такім, якім ты ёсць. . .
Святое Пісанне
Мц 13:10-15
І, падыйшоўшы, вучні сказалі Яму: «Навошта Ты гаворыш ім у прыпавесцях?» А Ён адказаў ім: «Таму што вам дадзена пазнаць таямніцы Валадарства Нябеснага, а ім не дадзена.
Бо хто мае, таму дадзена будзе, і атрымае ўдосталь, а хто не мае, у таго адымецца і тое, што мае.
Таму Я гавару ім у прыпавесцях, бо яны глядзяць, а не бачаць, слухаюць, а не чуюць і не разумеюць. На іх спаўняецца прароцтва Ісаі, якое кажа: “Слухаць будзеце, і не зразумееце, і вачыма глядзець будзеце, і не ўбачыце.
Бо абрасло тукам сэрца народу гэтага,
і вушамі з цяжкасцю чуюць,
і вочы свае заплюшчылі,
каб не ўбачыць вачыма,
і не пачуць вушамі,
і не зразумець сэрцам, і не навярнуцца,
каб Я вылечыў іх”.
Разважанне
Мы жывём у эпоху інфармацыйнай перагрузкі. Адзін з непрыемных пабочных эфектаў: нам трэба пільна выбіраць, на што звярнуць сваю ўвагу сярод няспыннага вадаспаду паведамленняў. Папрок Езуса, безумоўна, можа тычыцца і нас. Аднак сённяшняе чытанне абяцае і ацаленне.
У сучасным свеце сапраўды неабходна «адключыцца» ад безлічы таго, што прадстаўлена ў СМІ, сацыяльных сетках і нават у некаторых асабістых стасунках. Многае з таго, што віруе па каналах камунікацый, у лепшым выпадку недарэчнае або негатыўнае, а ў горшым — цалкам няпраўдзівае або напоўненае нянавісцю. Нам трэба адфільтраваць гэта, інакш яно можа запоўніць нашую свядомасць і паўплываць на выбар і дзеянні. У выніку цалкам можа здарыцца так, што нашыя сэрцы атлусцеюць, вочы аслепнуць, а вушы аглохнуць.
Аднак наш спадарожнік, Ініга, — вельмі практычны пілігрым, які заўсёды здольны звязаць духоўнае бачанне з паўсядзённымі праблемамі. У яго ёсць духоўны набор інструментаў, неацэнная дапамога ў тым, каб завастрыць нашае ўспрыманне, засяродзіць унутранае бачанне, разблакаваць нашае ўнутранае вуха і адкрыць сэрцы на па-сапраўднаму важныя рэчы. Гэта інструмент духоўнага распазнавання, ключавы элемент ігнацыянскай духоўнасці. Выкарыстанне гэтага інструмента патрабуе практыкі — у ідэале, штодзённай, каб адзначаць, што мы сапраўды бачым, чуем і адчуваем у паўсядзённым жыцці, і як рэагуем, якія рашэнні прымаем.
Практыка распазнавання заклікае нас бачыць тое, што часта хаваецца, і чуць тое, што часта застаецца нявыказаным, пагружаным у паток інфармацыі, які пагражае захліснуць нас. Сакрэт наладжвання на гэтае глыбокае слуханне і больш выразнае бачанне заключаецца ў тым, каб выпрацаваць звычку кожны дзень на нейкі час заставацца ў цішыні, просячы аб ласцы вушэй, якія сапраўды слухаюць, і вачэй, якія бачаць свет праз прызму сэрца. Спрабуй развіваць звычку заставацца ў цішыні і рэфлексіўнай чуйнасці на гэтым тыдні.
Мастацтва распазнавання таксама цесна звязана з канцэнтрацыяй. Тое, на чым мы засяроджваемся і што сілкуем сваёй энергіяй і ўвагай, будзе ўзрастаць. Тое, што мы адмаўляемся сілкаваць і адцягваем сваю энергію і ўвагу, будзе змяншацца. Адсюль простае пытанне: якія аспекты жыцця і навакольнага свету мы хочам развіваць і ўмацоўваць? Мы можам дапамагчы ім, прысвячаючы сваю сканцэнтраваную ўвагу. Якія аспекты сябе і свету мы хацелі б зменшыць? Мы гэта можам, калі пазбавім іх сваёй энергіі і ўвагі. Сёння часцей гучыць выказванне «даваць кісларод» пэўным праблемам або людзям. Калі мы даём кісларод таму, што спрыяе жыццю, яно расце і квітнее. Калі мы даём кісларод негатыўнаму і разбуральнаму, то кормім полымя падзелаў і нянавісці, як лясны пажар.
Размова з Богам
Валадарства Нябеснае ў нашым жыцці крыху падобнае да расліны: каб яна вырасла і сталася як мага «лепшай», мы павінны карміць яе і з любоўю глядзець, у чым яна мае патрэбу. Можна параўнаць Валадарства да дзіцяці. Каб ягоны патэнцыял напоўніцу развіўся, трэба, каб мы кармілі яго ўнутранае «я», прыслухоўваліся, што для яго з’яўляецца важным, і наталялі голад любоўю і ўвагай. Мы не кормім пакаёвыя расліны таксічнымі адходамі, а дзяцей — ілжывымі чуткамі, поўнымі нянавісці. Мы дапамагаем ім расці, калі клапоцімся пра іх і становімся больш уважлівымі да іх сапраўдных патрэб.
Як ты будзеш карміць Валадарства Нябеснае цяпер? Як будзеш дапамагаць яму расці? Як будзеш пазбягаць таго, што можа нашкодзіць яму ці аслабіць?
Што прыцягнула тваю ўвагу і энергію, асабліва ў гэтыя дні? Магчыма, нейкая падзея ці сустрэча адкрыла табе вочы на штосьці важнае? Адзінота ці душэўны боль суседа, ці практычныя патрэбы сябра, які страціў сродкі да існавання, ці спакойная мудрасць старэйшага чалавека, да якога ты раней не прыслухоўваўся?
Што ты чуў на гэтым тыдні сярод мітусні і шуму супярэчлівых навін? Ці прыслухаўся ды ціхага стогну бяздомных, якія жывуць на нашых вуліцах, ці да стомленага дыхання перагружаных медыцынскіх работнікаў, ці да бязмоўнага адчаю тых, хто жыве ў нястачы або страху — адчаю, які часта выяўляецца мовай гневу і лютасці?
Запішы ў свой дзённік усё, што даведаўся на гэтым тыдні, каб рабіць больш мудры выбар і павялічваць свой унёсак у Божую мару для чалавецтва.
Бог імкнецца ацаліць нас ад унутранай слепаты і глухаты. Ці адважымся мы папрасіць сёння аб ласцы дазволіць Богу адкрыць нашыя вочы, вушы і сэрцы, каб убачыць і зразумець, як рабіць асабісты выбар, які дапаможа Валадарству расці, а чалавецтву стаць такім лепшым, якім яно можа быць?