Session 7: A new day dawns
Супакой
На хвілінку спыніся ў пачатку малітвы, каб знайсці супакой.
Звярні ўвагу на дыханне, але не змяняй яго рытм. Адсочвай кожны ўдых… і выдых… звярні ўвагу на рытм… глыбіню… якасць. . . тэмпературу паветра. . . адчуванне таго, як яно ўваходзіць і выходзіць з рота ці носа… зрабі тры глыбейшыя ўдыхі і выдыхі. . .
Святое Пісанне
Ян 21:4-12
Калі ўжо развіднела, Езус стаяў на беразе. Але вучні не ведалі, што гэта быў Езус. Сказаў ім Езус: «Дзеці, ці маеце што з’есці?» Яны адказалі Яму: «Не». А Ён сказаў ім: «Закіньце сетку з правага боку чоўна і знойдзеце». Яны закінулі і не маглі ўжо выцягнуць яе з-за мноства рыбы. Тады вучань, якога любіў Езус, сказаў Пятру: «Гэта Пан!» Калі Сымон Пётр пачуў, што гэта Пан, падперазаўся вопраткай, бо быў голы, і кінуўся ў мора.
А іншыя вучні прыплылі на чоўне, бо недалёка былі ад берага, локцяў каля двухсот, цягнучы сетку з рыбай.
Калі ж выйшлі на бераг, убачылі распаленае вогнішча, а на ім пакладзеную рыбу і хлеб.
Езус сказаў ім: «Прынясіце рыбы, што цяпер налавілі». Пайшоў Сымон Пётр і выцягнуў на бераг сетку, поўную вялікіх рыб, якіх было сто пяцьдзясят тры. І хоць іх было столькі, сетка не парвалася.
Сказаў ім Езус: «Хадзіце ж, снедайце». Ніхто з вучняў не адважыўся спытацца ў Яго: «Хто Ты?», бо ведалі, што гэта Пан.
Разважанне
Вучні параненыя. Яны паверылі, што іх Сябар збавіць свет, але Ён атрымаў смяротны прысуд, а іх саміх лічаць саўдзельнікамі. У роспачы яны вярнуліся туды, адкуль усё пачалося, вярнуліся да лоўлі рыбы, але нічога не злавілі. Нават возера адлюстроўвае балючую пустэчу іх сэрцаў.
Аднак цемра Вялікай пятніцы і пустэча магілы вось-вось саступяць месца новаму світанню і нечаканай паўнаце. Вучні заўважаюць на беразе незнаёмца.
Адметная рыса ледзь не ўсіх з’яўленняў Езуса пасля ўваскрэсення – людзі Яго не пазнаюць. У сумным рыбацкім чоўне на досвітку пазнае Яго толькі адзін чалавек: «якога любіў Езус». Гэта сведчыць аб тым, што мы распазнаём прысутнасць Уваскрослага вачыма любові, і калі мы адкрыем гэтыя ўнутраныя вочы, то ўбачым вакол сябе знакі ўваскрэсення.
Ініга вядзе нас да цуду ўваскрасення на працягу Чацвёртага тыдня Духоўных Практыкаванняў. Ён запрашае нас малітоўна прысутнічаць у сцэнах з’яўлення Уваскрослага Хрыста і разважаць, што Ягонае ўваскрасенне азначае для нас у звычайным жыцці. Як заўсёды, наш духоўны спадарожнік імкнецца да таго, каб мы ўспрымалі ўваскрасенне не толькі як гістарычную падзею, у якую мы верым, але і як няспынную дынамічную рэальнасць, якая звяртаецца да нас і дапамагае жыць паўнавартасным жыццём і па-сапраўднаму аднавіцца пасля траўмы мінулага.
Наш “човен” жыцця быў спушчаны на ваду, калі Езус ступіў у яго і папрасіў нас адплысці на глыбіню. Цяпер, калі мы набліжаемся да канца гэтага сумеснага падарожжа, Ён дае нам яшчэ адно нечаканае даручэнне: закінуць сеткі з другога боку чоўна. З пункту гледжання чалавечай логікі, гэта амаль неістотна. Калі на адным боку чоўна няма рыбы, чаму яна можа быць на другім — ды яшчэ і ў такой вялікай колькасці? Але вучні робяць, як Ён кажа.
Магчыма, гэтае ўказанне, калі мы паразважаем над ім у сённяшняй малітве, прапануе нам зірнуць на жыццё з радыкальна іншага пункту гледжання. Магчыма, тое, што мы лічым каменем спатыкнення, насамрэч з’яўляецца прыступкай. Магчыма, чалавек, які прыносіць нам найбольш праблем, — гэта пясчынка ў нашай вустрыцы, якая мае патэнцыял стаць пярлінай. Магчыма, гэта запрашэнне да малітвы, якая выходзіць па-за звыклыя схемы?
Але сённяшняе чытанне абяцае, што час расчаравання і безнадзейнасці хутка скончыцца. У магіле адбылося пераўтварэнне, якое вызваліла новую энергію, здольную змяніць свет. Гэта таксама абяцанне таго, што пераўтварэнне можа адбыцца і ў нашым досведзе цемры, расчаравання і смерці нашых мараў, але мы павінны змяніць свой погляд на рэчы і закінуць сеткі з іншага боку чоўна. Бог просіць нас зараз таксама наладзіць сэрцы на іншы курс, каб стварыць інакшы заўтрашні дзень, «вырасці лепшымі» з усяго, чаму нас навучыла жыццё.
Але цяпер незнаёмец, якога мы ўжо ведаем, але не адразу пазнаём, гатуе барбекю на беразе. Ці гатовыя мы разам з Ім паснедаць?
Размова з Богам
Вакол нас ёсць прыкметы ўваскрасення: у дабрыні незнаёмцаў, у вернасці тых, хто клапоціцца пра хворых і адзінокіх, у харчовых дапамогах і валанцёрах, у цярплівасці настаўнікаў, у простай жыццярадаснасці дзіцяці падчас гульні, і ў ціхай мудрасці пажылога сябра, у новым росце і змене сезонаў, якія наша параненая зямля працягвае так безумоўна даваць нам — ва ўсіх гэтых і многіх іншых спосабах мы сустракаем сілу ўваскрасення і дух уваскрослага Хрыста. Дзе ты сустрэў Незнаёмца на беразе цягам гэтых апошніх дзён?
Што для цябе азначае «закінуць сетку з другога боку чоўна»? Ці ёсць якая-небудзь праблема, сітуацыя ці адносіны, на якія, на тваю думку, Бог просіць цябе зірнуць з іншага пункту гледжання? Паспрабуй паднесці да гэтай справы люстэрка малітвы і паглядзі, як гэта можа выглядаць з іншага боку твайго сэрца.
Час паміж Вялікай пятніцай і Вялікаднем можа здавацца пустой прасторай, але менавіта ў гэтай пустой прасторы адбываецца цуд пераўтварэння і вызваляецца новая энергія, як матылёк з кукалкі. Прынясі любыя пустэчы свайго жыцція ў святло Духа Святога. Гэтыя месцы — твае ўласныя Вялікія суботы, дзе пачынаецца пераўтварэнне.
Запішы ў дзённіку тыя моманты, калі ты адчуў сілу ўваскрасення. Гледзячы ў люстэрка малітвы, паспрабуй выказаць тое, што бачыш, словамі або малюнкамі. Звярні ўвагу на ўсё, што здзіўляе або ідзе насуперак чаканням.
Сёння мы можам папрасіць аб ласцы паглядзець на жыццёвыя абставіны вачыма любові, распазнаць святло ўваскрасення, якое ўжо ззяе ў жыцці і ў свеце, і мець адвагу пераправіцца на іншы бок чоўна і адкрыцца на Божыя сюрпрызы там, дзе мы іх менш за ўсё чакаем.
Заканчэнне
Аб чым просіць любоў?
Мы дасягнулі канца нашага сумеснага шляху і, магчыма, сутыкнуліся з шэрагам пытанняў. Вялікае пытанне, якое пранізвае ўсё наскрозь, адлюстроўвае вялікую запаведзь і адгукаецца на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва, гучыць наступным чынам: «Што такое любоў?» Ініга таксама вельмі выразна ставіць яго напрыканцы сваіх «Практыкаванняў», заклікаючы нас разважаць над яго глыбінёй на працягу ўсяго жыцця. Ён называе гэтае практыкаванне «Contemplatio ad Amorem» (Кантэмпляцыя для адшукання любові) і прапануе падумаць, як мы можам любіць Бога і адно аднаго такой любоўю, якая адлюстроўвае Боскую.
Ключавы прынцып ігнацыянскай мудрасці і евангельскай праўды заключаецца ў тым, што любоў праяўляецца больш у справах, чым у словах. Слова «любоў» сур’ёзна абясцэнілася ў сучасным грамадстве. Мы выкарыстоўваем яго шырока, а часам і неабдумана, каб выказаць прыхільнасць або рамантычныя пачуцці, ці нават прыярытэт пэўнай ежы, моднай тэндэнцыі. Рэчаіснасць значна больш патрабавальная. М. Скот Пек дае неацэнны ключ да разумення боскай любові, кажучы, што «любоў — гэта не эмоцыя. Любоў — гэта рашэнне». Або, як казаў Сэмюэл Джонсан: «Дабрыня ў нашай моцы, нават калі пяшчота не ў нашай».
Як бы мы сябе не адчувалі, мы можам у любой сітуацыі зрабіць учынак, напоўнены большай любоўю, можам дзейнічаць і паводзіць сябе з зычлівасцю і любоўю. Гэты выбар, гэтае рашэнне не залежыць ад нашага эмацыйнага стану ў дадзены момант, і Езус ясна кажа нам, што гэта тычыцца нас саміх, нашых суседзяў, калег, сяброў і незнаёмцаў, і, што вельмі важна, нават нашых ворагаў.
Няма выключэнняў: Бог — гэта Той, у кім усё існуе. Любіць Бога, як патрабуе першая запаведзь, азначае выбіраць паводзіць сябе з любоўю не толькі між людзьмі, але і ў адносінах да нашай жывой планеты і ўсяго жыцця, якое яна падтрымлівае. Мы не можам сцвярджаць, што любім Бога, калі мы без любові ставімся да любой часткі Божага стварэння. Езус таксама заклікае нас быць чуйнымі да патрабаванняў любові ў адносінах да самых бедных сярод нас, адкінутых, прыгнечаных, безгалосых, бездапаможных і эксплуатаваных.
Любоў, відавочна, з’яўляецца адказам на кожнае пытанне, якое мы разглядалі падчас гэтых рэкалекцый. Любоў просіць нас жыць, зыходзячы з нашага глыбокага «Божага цэнтра», а не з нашага павярхоўнага і эгацэнтрычнага эгацэнтра. Менавіта Любоў запрашае нас акунуцца ў глыбокія воды і ісці за Ісусам праз падзеі Яго зямнога служэння, мадэлюючы сваё ўласнае жыццё і каштоўнасці паводле Яго. Любоў — гэта сэрцабіцце выкліку распазнання, якое падштурхоўвае нас рабіць выбар, які адлюстроўвае найлепшае, што ў нас ёсць. Любоў просіць нас адпусціць усё, што перашкаджае нашаму шляху душы, рухацца наперад з пустымі рукамі, каб мы маглі свабодна атрымаць усе ласкі, якія Бог усё яшчэ прагне даць нам. Менавіта Любоў кліча нас і дае нам сілы здзейсніць падарожжа ў цемру і смерць разам з Ісусам у Вялікі тыдзень, памятаючы, што ў нашым свеце і яго небяспеках, асабліва для самых бедных, маргіналізаваных і згубленых, кожны тыдзень — Вялікі тыдзень. І менавіта Любоў стаіць на беразе, паказваючы нам, што скарб, якога мы прагнем, можа быць там, дзе мы ніколі не думалі яго шукаць. Гэта любоў запрашае нас падзяліцца сняданкам, бо для чалавецтва і ўсяго стварэння нараджаецца новы пачатак.
Новае світанне разгараецца. Мы можам бачыць першыя пробліскі, калі ідзём параненыя і напалоханыя, але благаслаўлёныя ласкай і поўныя надзеі на Таго, хто запрашае нас на сняданак. Які свет ляжыць за гэтым берагам? Святы Павел нагадвае нам (у Першым Пасланні да Карынцянаў 13:13) пра тры рэчы, якія сапраўды маюць значэнне: «Вера, надзея і любоў трываюць».
Ці маем мы веру? Не проста веру ў сімвалы веры, а давер? Ці верым мы і давяраем, што ласкай Божай мы можам «акрыяць» ад усяго, з чым сутыкнуліся?
Ці ёсць у нас надзея? Я думаю, што ёсць, хоць часам нам здаецца, што мы вісім на тонкай нітцы.
«Але найбольшая з іх — любоў». Гэты новы пачатак прапануе нам усім новую магчымасць. Мы можам вырашыць вярнуцца да сваіх старых, па сутнасці эгаістычных звычак, альбо мы можам вырашыць дазволіць любові змяніць тое, як мы жывём разам на планеце Зямля, і вырасці з досведу страт і разбурэнняў, стаўшы лепшым пакаленнем дзяцей Божых. Ці адважымся мы папрасіць аб ласцы выбраць любоў і працягваць пытацца: аб чым Любоў просіць ад мяне вось цяпер?
У падарожжы
Паспрабуй выкарыстаць гэтае пытанне да любой сітуацыі. «Які варыянт маіх далейшых дзеянняў будзе найбольш напоўнены любоўю?» Простых адказаў няма. Часам любоў просіць нас умяшацца, каб супрацьстаяць несправядлівасці; часам любоў просіць нас адысці ўбок і дазволіць іншаму чалавеку знайсці свой уласны шлях наперад. Любоў часам будзе пяшчотнай, будзе суцяшаць церпячых, а часам яна будзе цвёрдай і адмовіцца дазваляць маніпуляваць сабой ці іншымі, эксплуатаваць іх. Любоў можа прыйсці лёгка, напрыклад, калі мы падтрымліваем блізкіх, аднак можа стаць і самай складанай задачай, якую толькі можна сабе ўявіць, калі мы спрабуем быць побач са сваім крыўдзіцелем або з тымі, каго мы любім.
Божая любоў пастаянна выліваецца на ўсё стварэнне. Якім чынам любоў, якую мы, па нашых словах, адчуваем да Бога, праяўляецца ў адпаведнай любові да планеты і ўсіх яе формаў жыцця? Як мы можам выказаць гэтую любоў на практыцы?
Звярніся да свайго дзённіка або любых запісаў, якія зрабіў падчас рэкалекцый. Якія ласкі, на тваю думку, ты атрымаў, прайшоўшы гэты шлях малітвы? Што змянілася ў тваім жыцці, сэрцы і веры? Як ты будзеш падтрымліваць гэты рост і на справе ажыццяўляць тое, што табе было дадзена спазнаць?
Двух новых выпускнікоў, якія стаялі на подыуме падчас цырымоніі ўручэння дыплома, дэкан спытаў: «Што вы збіраецеся рабіць далей?» Адзін абвясціў пра намер зрабіць прарыў у медыцыне, які зменіць свет. Другі адказаў: «Я павярну налева і вельмі асцярожна спушчуся па гэтых трох прыступках». Кожны з іх зразумеў палову праўды. Мы — Божыя пілігрымы, пакліканыя і ўпаўнаважаныя марыць пра вялікія рэчы дзеля агульнага дабра ўсяго стварэння і ўвасабляць іх у жыццё на планеце Зямля. Але мы робім іх рэальнымі, уважліва сочачы за наступнымі трыма крокамі, нашымі наступнымі трыма размовамі, узаемадзеяннямі ці рашэннямі, запытваючыся раз за разам: «Што Любоў просіць мяне зрабіць далей?»
Няхай Бог благаслаўляе і кіруе ўсімі нашымі крокамі з гэтага дня і далей, пакуль Божае Валадарства цалкам не народзіцца на Зямлі, як на небе. Амэн.