Session 6: Journeying through the darkness
Супакой
У пачатку малітвы пастараемся знайсці супакой і цішыню:
Уваходзячы ў малітву, звярні сёння ўвагу на свае думкі… дазволь кожнай думцы ўзнікнуць і адысці… адзнач свае адчуванні ў гэты момант… ці можаш назваць іх? . …ці можаш вызначыць, дзе яны знаходзяцца ў тваім целе? . …звярні ўвагу на тое, у якім ты стане сёння… расслаблены ці напружаны… холадна табе ці цёпла… ты стомлены ці неспакойны… як адчуваеш сябе фізічна? . …як бы ты сябе не адчуваў, Бог глядзіць на цябе з любоўю і вітае ў гэтым часе, які вы можаце правесці разам… . .
Святое Пісанне
Мц 27:15-25
На свята намеснік меў звычай адпускаць паводле жадання натоўпу аднаго вязня. Быў тады ў іх адзін вязень, званы Бараба. І вось, калі яны сабраліся, сказаў ім Пілат: «Каго хочаце, каб я выпусціў вам, Барабу ці Езуса, званага Хрыстом?» Ён ведаў, што ад зайздрасці выдалі Яго. А калі ён сядзеў на судовым месцы, жонка ягоная паслала сказаць яму: «Не рабі нічога гэтаму Справядліваму, бо я сёння ў сне шмат цярпела за Яго». Але першасвятары і старэйшыны падбухторылі натоўп, каб прасілі за Барабу, а Езуса аддалі на смерць. Адказваючы, намеснік сказаў ім: «Каго з гэтых двух хочаце, каб я адпусціў вам?» Яны сказалі: «Барабу!» Пілат сказаў ім: «А што мне рабіць з Езусам, якога завуць Хрыстом?» Усе закрычэлі: «Няхай будзе ўкрыжаваны!» Ён жа сказаў: «Што дрэннага зрабіў Ён?» Але яны яшчэ мацней крычалі: «Няхай будзе ўкрыжаваны!» Пілат, убачыўшы, што нічога не дапамагае, а абурэнне ўзрастае, узяў ваду і абмыў рукі перад натоўпам, кажучы: «Невінаваты я ў гэтай крыві. Глядзіце самі!» І ўвесь народ адказаў: «Кроў Яго на нас і на дзецях нашых».
Разважанні
Ідучы побач з Езусам праз падзеі Вялікага тыдня, мы можам убачыць сябе ўдзельнікамі гэтай сусветнай драмы. Ініга запрашае нас малітоўна ўвайсці ў гэтыя падзеі на працягу Трэцяга тыдня ці этапу Практыкаванняў і адзначыць, якія яго аспекты сугучныя з нашым жыццём, і прасіць аб ласцы слухаць, што Бог хоча нам сказаць.
Дзіўна, але вынік гэтага знамянальнага тыдня, здаецца, знаходзіцца ў руках баязлівага і нерашучага чалавека, які, тым не менш, мае вялікую свецкую ўладу. Калі справа даходзіць да лёсавызначальнага рашэння аб тым, што рабіць з Езусам, адказнасць цалкам ляжыць на Пілаце, як на кіраўніку правінцыі. Мы бачым, як ён змагаецца са сваім сумленнем. Ён ведае, што Езус невінаваты, ведае, што патрабаванне забіць Яго матывавана зайздрасцю і ўяўнай пагрозай, якую Ён уяўляе для афіцыйнай улады. І, што вельмі важна, жонка папярэдзіла Пілата, каб ён не меў нічога агульнага з гэтым амаральным учынкам, а яна, у сваю чаргу, была папярэджана ў сне.
Мы ўсе сутыкаемся з маральнымі дылемамі ў сваім жыцці. Часам наш выбар можа пашкодзіць дабрабыту іншага чалавека ці нават ягонаму жыццю, або паўплываць на будучыню цэлай супольнасці. Мы таксама можам ведаць у глыбіні душы, які шлях правільны, але многія рэчы могуць прымусіць нас адмовіцца ад сваёй маральнай адказнасці. Пілат баіцца справакаваць бунт і абрынуцца на іх сілай Рыма. Нам не пагражае небяспека выклікаць бунт, але мы не хочам засмучаць сваіх сяброў, сям’ю, суседзяў ці калег па працы. Многія з нас баяцца канфрантацыі і імкнуцца ісці шляхам найменшага супраціву ў любой канфліктнай сітуацыі.
Але ў Пілата ёсць яшчэ адна крыніца настаўлення — сон жонкі. Што гэты сон можа сказаць нам сёння? Магчыма, ты захочаш узяць яго на малітву і папрасіць аб ласцы распазнаць глыбокія патокі Божага кіраўніцтва, якія падштурхоўваюць сэрца дзейнічаць па справядлівасці. Гаворка ідзе не абавязкова пра сны. Варта наогул заўважаць усе моманты і здарэнні, якія скіроўваюць нас да крыніцы праўды ў глыбіні нашай істоты. Тым не менш, гэтыя ўказальнікі вельмі лёгка праігнараваць, калі мы сутыкаемся з натоўпам страхаў і няўпэўненасці, выкліканых ціскам неадкладных абставін.
Мы ўспамінаем знакамітае пытанне Пілата да Езуса: «Што такое праўда?» Вось, цяпер ён павінен вырашыць, што з’яўляецца праўдай: падказкі больш глыбокага сну ці патрабаванні натоўпу. Ён ведае, што Езус невінаваты. Аднак натоўп, ахоплены шаленствам, пераканаў сябе, што віна Езуса — гэта праўда. «Альтэрнатыўныя факты», відаць, былі такімі ж дзейнымі і 2000 гадоў таму, першасвятары і старэйшыны падтрымлівалі іх тымі ж нізкімі матывамі страху і зайздрасці ды наўмысна маніпулявалі імі ў сваіх інтарэсах. Хто такія «першасвятары і старэйшыны» ў наш час? Хто стварае грамадскае меркаванне? Як яны маніпулююць нашым выбарам? Ці будзем мы выбіраць свой будучы курс, асабіста і калектыўна, пад уплывам схаваных прапагандыстаў і троляў у сацыяльных сетках, ці пад кіраўніцтвам Святога Духа?
Нарэшце, Пілат абмывае рукі. Ён адмаўляецца ад сваёй адказнасці. Ён кідае праўду на вецер, і яна развейваецца, што прыносіць трагічныя наступствы. Ці нас спакушаюць таксама адмовіцца ад асабістай адказнасці за фармаванне будучага свету? Ці мяркуем, што нічога не можам зрабіць, каб змяніць сітуацыю? Езус ніколі не быў такім бездапаможным, як у Вялікім тыдні, стоячы безабаронна перад сіламі зла — і ніколі не быў больш магутным!
Размова з Богам
Прынясі ў малітве канкрэтныя маральныя дылемы, якія ў сабе носіш. Ці ведаеш у глыбіні душы, які шлях найлепш адлюстроўвае праўду, якая месціцца ў тваім сэрцы? Ці штосьці супярэчыць гэтай праўдзе і спакушае цябе выбраць лінію найменшага супраціву?
Часам мы ўсведамляем, што голас «натоўпу» — напрыклад, натоўпу нашых страхаў і няўпэўненасці або натоўпу ціску равеснікаў — значна гучнейшы і мацнейшы за ціхі, спакойны голас праўды ў нашых сэрцах. За якім голасам ты на самай справе хочаш ісці? Ці просіш аб ласцы мужнасці трымацца сваіх глыбокіх перакананняў у выбары, які стаіць перад табой?
Наколькі ты распазнаеш у свеце падступных, зламысных майстроў пераканання, якія наўмысна маніпулююць нашым выбарам у глабальным маштабе дзеля сваіх мэтаў і ўмацавання сваёй улады? Гэтыя дзеячы маюць місію падарваць нашае імкненне і пакліканне рабіцца лепшымі людзьмі, гэтак жа, як яны спрабавалі падарваць Хрыстовую місію любові і адкуплення. Дазволь нагадаць табе, што ты можаш папрасіць у Бога ласку распазнаць іх і супрацьдзейнічаць ім.
Занатуй у дзённіку, у якіх нюансах рэакцыі Пілата ты пазнаеш сябе? Ці ў любой іншай частцы гэтага апавядання? Як табе здаецца, што дае і чаму вучыць гэтае пазнанне?
Няхай жа кожнаму з нас Пан дасць ласку распазнаваць боскі голас аўтэнтычнай праўды і супрацьстаяць усім зламысным падробкам, якія штодня атачаюць нас.