Апостальства малітвы

Кожны месяц Папа давярае малітоўную інтэнцыю сваёй Сусветнай малітоўнай сеткі, Апостальству малітвы. Гэтыя інтэнцыі, якія выказваюць занепакоенасць Папы чалавецтвам і місіяй Касцёла, прадстаўлены разам з ранішняй і вячэрняй малітвай. Запрашаем далучыцца да многіх вернікаў па ўсім свеце і маліцца разам з Папам.


Інтэнцыя Святога Айца на май 2024 г

Молімся, каб законніцы, законнікі і семінарысты ўзрасталі на ўласным шляху паклікання праз чалавечую, пастырскую, духоўную і супольнасную фармацыю, якая ўчыніць іх годнымі веры сведкамі Евангелля.

Ранішняя малітва

Будзь са мной увесь дзень, Пане. Ты – святло свету – дапамажы прымаць добрыя рашэнні. Ты – дарога, і праўда, і жыццё, – няхай жа я ўсё буду рабіць з Табою. Ты – уваскрасенне і жыццё – напоўні мяне надзеяй. Адары ўсіх, каго я сёння сустрэну, радасцю і супакоем. Асаблівым чынам малюся ў інтэнцыі Святога Айца на гэты месяц:
каб законніцы, законнікі і семінарысты ўзрасталі на ўласным шляху паклікання праз чалавечую, пастырскую, духоўную і супольнасную фармацыю, якая ўчыніць іх годнымі веры сведкамі Евангелля. Амэн.

Вячэрняя малітва

Божа, Ойча наш, дзякую за клопат і любоў, за сям’ю і сяброў, якіх Ты мне даў. Дзякую Табе за ўсё добрае, што мне ўдалося сёння зрабіць. Прабач кожную правіну і памылку. Атулі апекай хворых, асабліва… Правядзі мяне скрозь цемру ночы, а раніцай спашлі сваё святло. Амэн.