Лк 10:25-37

25Адзін кніжнік устаў і, выпрабоўваючы Яго, сказаў: «Настаўнік, што мне рабіць, каб атрымаць у спадчыну жыццё вечнае?» 26Ён адказаў яму: «У Законе што напісана? Як чытаеш?» 27Той адказаў: «Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсёй моцаю тваёй, і ўсім розумам тваім, а бліжняга свайго, як самога сябе». 28Езус сказаў яму: «Слушна ты адказаў. Так рабі, і будзеш жыць».

29Але той, жадаючы апраўдацца, сказаў Езусу: «А хто мой бліжні?» 30На гэта Езус адказаў: «Адзін чалавек ішоў з Ерузалема ў Ерыхон і трапіў у рукі разбойнікаў, якія знялі з яго адзенне, пабілі яго і пайшлі, пакінуўшы ледзь жывога. 31Выпадкова нейкі святар ішоў той дарогай і, убачыўшы яго, прайшоў міма. 32Таксама і левіт, будучы на тым месцы, падышоў, паглядзеў і прайшоў міма. 33А нейкі самаранін, падарожны, натрапіў на яго і, убачыўшы, злітаваўся. 34Падышоў, перавязаў яму раны, паліваючы алеем і віном. І, пасадзіўшы яго на сваю жывёліну, прывёз у заезд і паклапаціўся аб ім. 35А на другі дзень, ад’язджаючы, дастаў два дынары, даў карчмару і сказаў яму: “Паклапаціся аб ім. А калі патраціш больш, я аддам табе, калі вярнуся”. 36Як здаецца табе, хто з гэтых трох быў бліжнім таму, хто трапіў у рукі разбойнікаў?» 37Ён сказаў: «Той, хто паступіў з ім міласэрна». Тады Езус сказаў яму: «Ідзі і ты рабі так».