Лк 12:39-48

39“Ведайце, што калі б гаспадар дому ведаў, у якую гадзіну прыйдзе злодзей, то не спаў бы і не дазволіў бы ўварвацца ў дом свой. 40І вы будзьце гатовыя, бо ў гадзіну, аб якой не думаеце, прыйдзе Сын Чалавечы».

41Тады сказаў Пётр: «Пане, гэтую прыпавесць расказваеш нам ці таксама ўсім?» 42Пан сказаў: «Хто ж верны і разумны эканом, якога гаспадар паставіў над слугамі сваімі даваць ім у свой час меру хлеба? 43Шчаслівы той слуга, якога гаспадар ягоны, калі прыйдзе, застане, што ён так робіць. 44Праўду кажу вам, што над усёй маёмасцю сваёй паставіць яго. 45Калі ж гэты слуга ў сэрцы сваім скажа: “Не хутка гаспадар мой прыйдзе”, і пачне біць слугаў і служанак, есці, піць і ўпівацца, 46то прыйдзе гаспадар слугі гэтага ў дзень, калі ён не чакае, і ў гадзіну, аб якой не ведае. Адлучыць яго і вызначыць яму лёс з нявернымі. 47А той слуга, які ведаў волю гаспадара свайго, але не быў гатовы і не рабіў
паводле волі яго, будзе моцна пабіты. 48Той жа, які не ведаў і зрабіў вартае пакарання, будзе пабіты мала. З кожнага, каму дадзена шмат, і спагнана будзе шмат; і каму даручана шмат, ад таго больш і запатрабуюць.