Лк 17:11-19

11Калі Езус ішоў у Ерузалем, праходзіў праз Самарыю і Галілею. 12І калі Ён уваходзіў у адну вёску, сустрэлі Яго дзесяць пракажоных, якія, стаўшы здалёк, 13моцным голасам казалі: «Езу, Настаўнік, змілуйся над намі!» 14Убачыўшы іх, Ён сказаў ім: «Ідзіце, пакажыцеся святарам». А калі адышлі, яны ачысціліся. 15Адзін з іх, убачыўшы, што быў вылечаны, вярнуўся і моцным голасам праслаўляў Бога, 16і, упаўшы ніцма да ног Ягоных, дзякаваў Яму. А быў гэта самаранін. 17Тады Езус сказаў: «Ці не дзесяць было ачышчаных? Дзе ж дзевяць? 18Не знайшлося нікога, хто б вярнуўся праславіць Пана, акрамя гэтага чужынца?» 19І сказаў яму: «Устань, ідзі; вера твая ўратавала цябе».