Лк 20:27-40

27Тады падышлі некаторыя з садукеяў, якія казалі, што няма ўваскрашэння, і спыталіся ў Яго: 28«Настаўнік, Майсей напісаў нам, што калі ў некага памрэ брат, які меў жонку, і памрэ бяздзетны, то брат ягоны павінен узяць ягоную жонку і абудзіць патомства свайму брату. 29Было ж сем братоў. Першы, узяўшы жонку, памёр бяздзетны. 30Потым другі, 31і трэці ўзяў яе, таксама і ўсе сямёра, не пакінуўшы дзяцей, памерлі. 32Урэшце, памерла і жонка. 33Дык вось, пасля ўваскрашэння, катораму з іх яна будзе жонкаю? Бо ў семярых яна была жонкаю».

34Езус сказаў ім: «Дзеці гэтага веку жэняцца і выходзяць замуж. 35А тыя, хто будзе годны таго веку і ўваскрашэння з мёртвых, не будуць ні жаніцца, ні выходзіць замуж; 36і памерці ўжо не змогуць, бо яны роўныя анёлам і з’яўляюцца сынамі Божымі, будучы сынамі ўваскрашэння. 37А што мёртвыя ўваскрэснуць, і Майсей засведчыў, кажучы пра палаючы куст, калі назваў Пана Богам Абрагама, Богам Ісаака і Богам Якуба. 38Бог жа не ёсць Богам мёртвых, але жывых, бо ўсе для Яго жывуць». 39На гэта сказалі некаторыя з кніжнікаў: «Настаўнік, Ты добра сказаў». 40І ўжо ні пра што не адважваліся распытваць Яго.