Лк 23:13-38
Пілат, паклікаўшы першасвятароў, начальнікаў і людзей, сказаў ім: «Вы прывялі да мяне гэтага чалавека, як таго, хто бунтуе народ. Вось я перад вамі дапытаў Яго і не знайшоў у гэтым чалавеку ніякай віны, у якой вы Яго вінаваціце. Таксама Ірад, бо адаслаў Яго да нас. Ён не ўчыніў нічога вартага смерці. Таму я, пасля бічавання, адпушчу Яго».
Але яны закрычалі ўсе разам: «На смерць гэтага, адпусці нам Барабу!» Бараба ж быў пасаджаны ў вязніцу за бунт, які адбыўся ў горадзе, і за забойства. Пілат зноў прамовіў да іх, жадаючы адпусціць Езуса. Але яны крычалі: «Укрыжуй, укрыжуй Яго!» Тады ён трэці раз сказаў ім: «Што дрэннага зрабіў Ён? Я не знайшоў у Ім нічога вартага смерці. Пасля бічавання я адпушчу Яго». Але яны і далей з вялікім крыкам дамагаліся, каб Яго ўкрыжавалі, і крык іх узрастаў. Тады Пілат вырашыў споўніць іх просьбу. Таму адпусціў ім кінутага ў вязніцу за бунт і забойства, якога яны прасілі, а Езуса аддаў іхняй волі. Крыжовы шлях Калі павялі Яго, схапілі нейкага Сымона Кірэнэйца, які вяртаўся з поля, і ўсклалі на яго крыж, каб нёс за Езусам. Ішло за Ім вялікае мноства людзей і жанчын, якія плакалі і галасілі па Ім. А Езус абярнуўся да іх і сказаў: «Дочкі ерузалемскія, не плачце па Мне, а плачце па сабе і па дзецях вашых, бо вось надыходзяць дні, калі скажуць: “Шчаслівыя бясплодныя і ўлонні, якія не радзілі, і грудзі, якія не кармілі!” Тады пачнуць казаць гарам: “Упадзіце на нас!” і пагоркам: “Накрыйце нас!” Бо калі гэта робяць з зялёным дрэвам, то што будзе з сухім?»
Вялі з Ім на смерць і двух іншых злачынцаў. Калі прыйшлі на месца, званае Чэрап, укрыжавалі там Яго і злачынцаў, аднаго з правага, другога з левага боку. А Езус сказаў: «Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць». І, дзелячы вопратку Ягоную, кідалі лёсы. А людзі стаялі і глядзелі. І кіраўнікі іхнія таксама насміхаліся, кажучы: «Іншых ратаваў, няхай сябе ўратуе, калі Ён Месія, выбраны Богам!» Жаўнеры таксама здзекаваліся з Яго, падыходзілі і падавалі Яму воцат, кажучы: «Калі Ты кароль юдэйскі, уратуй сябе!» І быў над Ім надпіс: «Гэта кароль юдэйскі».
“Copyright © 2021 National Council of Churches of Christ in the United States of America. Used by permission. All rights reserved worldwide.”