Лк 5:1-11

1Аднойчы, калі натоўп ціснуўся да Езуса, каб слухаць слова Божае, Ён стаяў каля возера Генэзарэт. 2І ўбачыў два чаўны, якія стаялі на беразе возера, а рыбакі выйшлі з іх і паласкалі сеткі. 3Увайшоўшы ў адзін з чаўноў, які належаў Сымону, папрасіў яго крыху адплысці ад берага. Пасля сеў і вучыў людзей з чоўна. 4Калі скончыў гаварыць, сказаў Сымону: «Адплыві на глыбіню, а вы закіньце сеткі вашыя для ўлову». 5Сымон сказаў Яму ў адказ: «Настаўнік, мы працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі, але на Тваё слова закіну сеткі». 6Зрабіўшы так, яны злавілі вялікае мноства рыбы, аж пачыналі рвацца іхнія сеткі. 7І далі знак супольнікам, якія былі ў другім чоўне, каб прыйшлі дапамагчы ім. Тыя прыйшлі і напоўнілі абодва чаўны так, што яны ледзь не танулі. 8Калі гэта ўбачыў Сымон Пётр, прыпаў да каленяў Езуса і сказаў: «Адыдзі ад мяне, Пане, бо я чалавек грэшны». 9Ад такога ўлову рыбы вялікае здзіўленне ахапіла яго і ўсіх, хто быў з ім, 10а таксама Якуба і Яна, сыноў Зэбэдэя, якія былі супольнікамі Сымона. Тады сказаў Езус Сымону: «Не бойся, адгэтуль будзеш лавіць людзей». 11А калі выцягнулі чаўны на бераг, пакінулі ўсё і пайшлі за Ім.