Лк 7:1-10

1Калі скончыў сваю прамову да народу, увайшоў у Кафарнаум. 2У аднаго ж сотніка захварэў і быў пры смерці слуга, якім ён даражыў. 3Пачуўшы пра Езуса, ён паслаў да Яго юдэйскіх старэйшын, каб папрасілі Яго прыйсці і аздаравіць ягонага слугу. 4Тыя прыйшлі да Езуса і настойліва прасілі Яго, кажучы: «Ён варты, каб Ты зрабіў яму гэта, 5бо ён любіць наш народ і нават пабудаваў нам сінагогу». 6І Езус пайшоў з імі. А калі Ён быў ужо недалёка ад дому, сотнік паслаў сяброў сказаць Яму: «Пане, не турбуйся, бо я не варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой. 7Таму я не палічыў сябе вартым прыйсці да Цябе. Але скажы слова, і будзе аздароўлены слуга мой. 8Бо і я чалавек падуладны, сам маю ў падначаленні жаўнераў, і кажу аднаму: “Ідзі”, і ідзе; а другому: “Прыйдзі”, і прыходзіць; а слугу майму: “Зрабі тое”, і робіць». 9Пачуўшы гэта, Езус дзівіўся яму і, павярнуўшыся да натоўпу, які ішоў за Ім, сказаў: «Кажу вам: нават у Ізраэлі Я не знайшоў такой вялікай веры!» 10Калі ж пасланцы вярнуліся дадому, яны засталі слугу здаровым.