Мк 10:2-16

2Тады падышлі да Езуса фарысеі і, выпрабоўваючы Яго, спыталіся, ці дазволена мужу разводзіцца з жонкаю? 3Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Што наказаў вам Майсей?» 4Яны сказалі: «Майсей дазволіў напісаць разводны ліст і разводзіцца». 5А Езус адказаў ім: «Дзеля жорсткасці сэрца вашага ён напісаў вам гэты наказ, 6бо на пачатку стварэння Бог стварыў іх мужчынам і жанчынай. 7Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці і злучыцца з жонкай сваёй, 8і будуць двое адным целам. Так што яны ўжо не двое, але адно цела. 9 Таму, што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае».

10У доме вучні зноў спыталіся ў Яго пра гэта. 11Ён сказаў ім: «Хто развядзецца з жонкаю сваёю і ажэніцца з іншай, той чужаложыць супраць яе. 12І калі жонка развядзецца з мужам сваім і выйдзе замуж за іншага, чужаложыць».

13Прыносілі да Езуса дзяцей, каб Ён дакрануўся да іх. Але вучні забаранялі ім. 14Убачыўшы гэта, Езус абурыўся і сказаў ім: «Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне, не забараняйце ім, бо такім належыць Валадарства Божае. 15Сапраўды кажу вам: хто не прыме Валадарства Божага, як дзіця, той не ўвойдзе ў яго». 16І, абняўшы іх, благаславіў, ускладаючы на іх рукі.