Мк 10:32-45

32Калі вучні былі ў дарозе і ўзыходзілі ў Ерузалем, Езус ішоў наперадзе іх. Яны дзівіліся, а тыя, хто ішоў за Ім, былі спалоханыя. Ён зноў узяў Дванаццаць і пачаў казаць ім пра тое, што з Ім павінна здарыцца: 33«Вось, мы ўзыходзім у Ерузалем, і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасвятарам і кніжнікам. Яны асудзяць Яго на смерць і аддадуць язычнікам. 34Будуць здзекавацца з Яго, аплёўваць Яго і бічаваць Яго, і заб’юць, а праз тры дні Ён уваскрэсне».

35Падышлі да Езуса Якуб і Ян, сыны Зэбэдэя, і сказалі Яму: «Настаўнік, мы хочам, каб Ты зрабіў нам тое, пра што Цябе папросім». 36Ён жа адказаў ім: «Што хочаце, каб Я зрабіў вам?» 37 Яны сказалі Яму: «Дай нам сесці аднаму праваруч, а другому леваруч Цябе ў славе Тваёй». 38Але Езус сказаў ім: «Не ведаеце, аб чым просіце. Ці можаце піць келіх, які Я п’ю, і прыняць хрост, якім Я ахрышчаны?» 39 Яны адказалі Яму: «Можам». А Езус сказаў ім: «Келіх, які Я п’ю, піць будзеце, і хростам, якім Я хрышчуся, будзеце ахрышчаны, 40але даць сесці праваруч ці леваруч Мяне не ад Мяне залежыць, а каму падрыхтавана».

41Пачуўшы, дзесяць вучняў пачалі абурацца на Якуба і Яна. 42А Езус, паклікаўшы іх, сказаў ім: «Вы ведаеце, што тыя, хто лічыцца кіраўнікамі народаў, пануюць над імі, і вяльможы іх валадараць над імі. 43Але не так няхай будзе сярод вас: хто хоча быць большым сярод вас, няхай будзе вам слугою; 44і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе нявольнікам усіх. 45Бо і Сын Чалавечы не для таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх».