Мк 1:1-8

1Пачатак Евангелля Езуса Хрыста, Сына Божага.

2Як напісана ў прарока Ісаі:

«Вось пасылаю анёла Майго перад Табою, які падрыхтуе дарогу Табе.

3Голас таго, хто кліча ў пустыні: “Падрыхтуйце дарогу Пану, простымі рабіце сцежкі Яму”».

4З’явіўся Ян, хрысцячы ў пустыні і абвяшчаючы хрост пакаяння дзеля адпушчэння грахоў. 5Выходзілі да яго ўся краіна юдэйская і ўсе жыхары Ерузалема і прымалі хрост ад яго ў рацэ Ярдан, вызнаючы свае грахі. 6Ян жа насіў адзенне з вярблюджай воўны і скураны пояс на бёдрах сваіх і еў саранчу і дзікі мёд. 7Ён прапаведаваў, кажучы: «Ідзе за мною Мацнейшы за мяне, якому я няварты, нахіліўшыся, развязаць раменьчык на Яго сандалях. 8Я хрысціў вас вадою, а Ён будзе хрысціць вас Духам Святым».