Мц 13:1-23

1У той дзень Езус выйшаў з дому і сеў каля мора. 2Каля сабралася Яго мноства народу, так што Ён увайшоў у човен і сеў, а ўвесь народ стаяў на беразе. 3Ён шмат гаварыў ім у прыпавесцях, кажучы: «Вось, Вось выйшаў сейбіт сеяць. 4Калі сеяў, некаторыя зярняты ўпалі пры дарозе, і наляцелі птушкі, і падзяўблі іх. 5Другія ж упалі на камяністае месца, дзе было мала зямлі, і адразу прараслі, бо зямля была неглыбокая. 6Аднак, калі ўзышло сонца, яны завялі і таму, што не мелі каранёў, засохлі. 7А іншыя ўпалі сярод церняў, і выраслі церні, і заглушылі іх. 8Яшчэ іншыя ўпалі на добрую зямлю і прынеслі плён: адно ў сто разоў, другое ў шэсцьдзясят, а іншае ў трыццаць. 9Хто мае вушы, няхай слухае».

10І, падыйшоўшы, вучні сказалі Яму: «Навошта Ты гаворыш ім у прыпавесцях?» 11А Ён адказаў ім: «Таму што вам дадзена пазнаць таямніцы Валадарства Нябеснага, а ім не дадзена. 12Бо хто мае, таму дадзена будзе, і атрымае ўдосталь, а хто не мае, у таго адымецца і тое, што мае. 13Таму Я гавару ім у прыпавесцях, бо яны глядзяць, а не бачаць, слухаюць, а не чуюць і не разумеюць. 14На іх спаўняецца прароцтва Ісаі, якое кажа:

“Слухаць будзеце, і не зразумееце, і вачыма глядзець будзеце, і не ўбачыце.

15Бо абрасло тукам сэрца народу гэтага, і вушамі з цяжкасцю чуюць, і вочы свае заплюшчылі, каб не ўбачыць вачыма, і не пачуць вушамі, і не зразумець сэрцам, і не навярнуцца, каб Я вылечыў іх”.

16Але шчаслівыя вочы вашыя, таму што бачаць, і вушы вашыя, таму што чуюць. 17Бо сапраўды кажу вам: многія прарокі і справядлівыя хацелі ўбачыць тое, што вы бачыце, і не ўбачылі, і пачуць тое, што вы чуеце, і не пачулі!

18Вы ж паслухайце значэнне прыпавесці пра сейбіта. 19Да кожнага, хто слухае слова пра Валадарства, а не разумее, прыходзіць злы і крадзе пасеянае ў сэрцы яго; вось каго азначае пасеянае пры дарозе. 20А пасеянае на камяністых месцах — гэта той, хто чуе слова і адразу прымае яго з радасцю, 21але не мае ў сабе кораня і нясталы. Калі за слова настане ўціск ці пераслед, ён адразу спакушаецца. 22Пасеянае ж у церні — гэта той, хто чуе слова, але турботы гэтага веку і зман багацця заглушаюць слова, і яно становіцца бясплодным. 23Пасеянае ж на добрай зямлі — гэта той, хто чуе слова і разумее, і прыносіць плён, адзін у сто разоў, другі ў шэсцьдзя сят, а іншы ў трыццаць».