Мц 13:24-43

24Іншую прыпавесць прапанаваў ім, кажучы: «Валадарства Нябеснае падобнае да чалавека, які пасеяў добрае насенне на полі сваім. 25Калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг яго і пасеяў між пшаніцаю каласоўнік, і пайшоў. 26Калі ж збажына ўзышла і дала плён, тады паказаўся каласоўнік. 27Прыйшоўшы, слугі гаспадара дому сказалі яму: “Пане, ці ж не добрае насенне пасеяў ты на сваім полі? Адкуль жа на ім каласоўнік?” 28А ён сказаў ім: “Варожы чалавек зрабіў гэта”. Тады слугі сказалі яму: “Хочаш, мы пойдзем выпалаць яго?” 29Але ён сказаў: “Не, каб, выбіраючы каласоўнік, вы не павырывалі разам з ім і пшаніцы. 30Пакіньце расці разам тое і другое аж да жніва; а ў час жніва Я скажу жняцам: збярыце спачатку каласоўнік і звяжыце яго ў пучкі, каб спаліць, а пшаніцу збярыце ў засекі мае”».

31Пасля Ён прапанаваў ім іншую прыпавесць, кажучы: «Валадарства Нябеснае падобнае да гарчычнага зерня, якое ўзяў чалавек і пасеяў на полі сваім. 32Хоць яно меншае за ўсялякае насенне, калі вырасце, бывае вышэйшым за іншыя расліны і становіцца дрэвам, так што прылятаюць птушкі нябесныя і гняздзяцца ў галінах яго».

33Іншую прыпавесць прапанаваў ім: «Валадарства Нябеснае падобнае да закваскі, якую жанчына ўзяла і паклала ў тры меры мукі, аж усё ўкісла».

34Усё гэтае Езус гаварыў народу прыпавесцямі і без прыпавесці не казаў ім, 35каб збылося сказанае прарокам:

«Адкрыю ў прыпавесцях вусны Мае, раскажу ўтоенае ад стварэння свету».,

36Тады, адпусціўшы народ, увайшоў у дом. Падышлі да Яго вучні Яго і сказалі: «Растлумач нам прыпавесць пра каласоўнік на полі». 37Ён жа сказаў ім у адказ: «Сейбіт добрага насення — гэта Сын Чалавечы. 38Поле — гэта свет, добрае насенне — гэта сыны Валадарства, а каласоўнік — сыны злога духа; 39вораг, які пасеяў іх, — гэта д’ябал; жніво — сканчэнне свету, а жняцы — гэта анёлы. 40Таму, як збіраюць каласоўнік і паляць агнём, так будзе пры сканчэнні гэтага свету: 41пашле Сын Чалавечы анёлаў сваіх, і збяруць яны з Валадарства Яго ўсё, што спакушае, і ўсіх, хто чыніць беззаконне, 42і ўкінуць іх у вогненную печ; там будзе плач і скрыгатанне зубоў. 43Тады праведнікі заззяюць, як сонца, у Валадарстве іх Айца. Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае.