Мц 14:13-21

13Калі Езус пачуў пра смерць Яна Хрысціцеля, адплыў адтуль на чоўне ў пустыннае месца адзін, а людзі, пачуўшы гэта, пайшлі за Ім пехатою з гарадоў. 14Выйшаўшы з чоўна, Езус убачыў мноства людзей і злітаваўся над імі, і аздаравіў хворых іхніх. 15 Калі ж настаў вечар, Ягоныя вучні падышлі да Яго і сказалі: «Пустыннае гэтае месца і гадзіна ўжо позняя; адпусці людзей, каб яны пайшлі ў паселішчы і купілі ежы сабе». 16 Ён сказаў ім: «Не трэба ім ісці, вы дайце ім есці». 17Яны ж сказалі яму: «У нас тут толькі пяць хлябоў і дзве рыбіны». 18Ён сказаў: «Прынясіце іх Мне сюды». 19І, загадаўшы народу сесці на траву, Ён узяў пяць хлябоў і дзве рыбіны, паглядзеў на неба, благаславіў і, разламаўшы, даў хлеб вучням, а вучні — людзям. 20І ўсе елі, і насыціліся, і з кавалкаў, што засталіся, сабралі дванаццаць поўных кашоў. 21А тых, хто еў, было каля пяці тысяч чалавек, не лічачы жанчын і дзяцей.