Мц 20:17-28

17Калі Езус узыходзіў у Ерузалем, Ён узяў асобна дванаццаць вучняў і ў дарозе сказаў ім: 18«Вось, мы ўзыходзім у Ерузалем, і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасвятарам і кніжнікам. Яны асудзяць Яго на смерць 19і аддадуць Яго язычнікам на здзек, бічаванне і ўкрыжаванне, а на трэці дзень Ён уваскрэсне».

20Тады падышла да Яго маці сыноў Зэбэдэя са сваімі сынамі, пакланілася і прасіла Яго аб нечым. 21Ён жа сказаў ёй: «Чаго ты хочаш?» Яна адказала: «Скажы, каб гэтыя два сыны мае селі ў Тваім Валадарстве адзін праваруч, а другі леваруч Цябе». 22Езус сказаў у адказ: «Не ведаеце, аб чым просіце. Ці можаце піць келіх, які Я павінен піць?» Яны адказалі Яму: «Можам». 23Тады Ён сказаў ім: «Келіх мой будзеце піць, але даць сесці праваруч ці леваруч Мяне, не ад Мяне залежыць, а каму падрыхтавана Айцом Маім».

24І, пачуўшы, дзесяць вучняў абурыліся на двух братоў. 25А Езус, паклікаўшы іх, сказаў: «Вы ведаеце, што кіраўнікі народаў пануюць над імі, і вяльможы маюць уладу над імі. 26Але не так няхай будзе сярод вас: хто хоча быць большым сярод вас, няхай будзе вам слугою; 27і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе вашым нявольнікам. 28Бо Сын Чалавечы не для таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх».