Мц 6:24-34

24Ніхто не можа служыць двум гаспадарам. Бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць; ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Не можаце служыць Богу і мамоне.,

25 Таму кажу вам: не турбуйцеся аб жыцці вашым, што есці і што піць, ні аб целе вашым, у што апрануцца. Ці ж не большае жыццё за ежу, а цела – за вопратку? 26Паглядзіце на птушак нябесных: яны ні сеюць, ні жнуць, ні збіраюць у засекі, і Айцец ваш Нябесны корміць іх. Ці ж вы не больш вартыя за іх? 27І хто з вас, турбуючыся, можа дадаць да свайго росту хоць адзін локаць? 28 І аб вопратцы навошта турбуецеся? Паглядзіце на палявыя лілеі, як яны растуць: ні працуюць, ні прадуць. 29Кажу вам, што нават Саламон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як адна з іх. 30Калі ж палявую траву, якая сёння ёсць, а заўтра будзе кінута ў печ, Бог так апранае, ці не намнога больш вас, малаверныя? 31Таму не турбуйцеся і не кажыце: “Што нам есці?” або: “Што піць?”, або: “У што апрануцца?” 32Бо ўсяго гэтага шукаюць язычнікі. А ваш Нябесны Айцец ведае, што вы маеце патрэбу ва ўсім гэтым. 33Шукайце найперш Валадарства Божага і справядлівасці ягонай, а гэта ўсё дадасца вам.

34Таму не турбуйцеся аб заўтрашнім дні, бо заўтрашні дзень патурбуецца сам за сябе. Хопіць кожнаму дню свайго клопату.