Мц 8:5-17

5Калі Езус увайшоў у Кафарнаум, падышоў да Яго сотнік і прасіў Яго, 6кажучы: «Пане, слуга мой ляжыць дома паралізаваны і цяжка пакутуе». 7Езус cказаў яму: «Я прыйду і вылечу яго». 8Сотнік жа адказаў: «Пане, я не варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой, але скажы толькі слова, і будзе аздароўлены слуга мой. 9Бо і я чалавек падуладны, сам маю ў падначаленні жаўнераў і кажу аднаму: “Ідзі”, і ідзе, а другому: “Прыйдзі”, і прыходзіць, а слугу майму: “Зрабі тое”, і робіць». 10Пачуўшы гэта, Езус здзівіўся і сказаў тым, хто ішоў за Ім: «Сапраўды кажу вам, ні ў кога ў Ізраэлі Я не знайшоў такой веры. 11Кажу вам, што многія прыйдуць з усходу і захаду і зоймуць месца за сталом з Абрагамам, Ісаакам і Якубам у Валадарстве Нябесным. 12А сыны валадарства будуць выкінуты вон у цемру, там будзе плач і скрыгатанне зубоў». 13І сказаў Езус сотніку: «Ідзі, і як паверыў, няхай станецца табе». І быў аздароўлены слуга ягоны ў тую ж гадзіну.

14Калі Езус прыйшоў у дом Пятра, убачыў цешчу ягоную, якая ляжала ў гарачцы. 15Ён дакрануўся да яе рукі, і гарачка пакінула яе, і яна ўстала, і прыслужвала ім. 16Калі настаў вечар, прывялі да Яго многіх апанаваных злымі духамі. А Ён словам выгнаў духаў і аздаравіў усіх хворых, 17каб збылося сказанае прарокам Ісаем: «Ён узяў на сябе нашую слабасць і панёс нашыя хваробы».