Ян 1:19-28

19Вось сведчанне Яна. Калі юдэі з Ерузалема паслалі святароў і левітаў, каб яны спыталіся ў яго: «Хто ты?» 20Ён абвясціў, не выракся і вызнаў: «Я не Месія». 21І спыталіся ў яго: «Дык хто ж? Ты Ілля?» І сказаў: «Не». «Ты прарок?» І ён адказаў: «Не». 22Тады сказалі яму: «Хто ты, каб нам адказаць тым, хто паслаў нас. Што гаворыш ты пра самога сябе?» 23Ён сказаў:

«Я голас таго, хто кліча ў пустыні: “Раўняйце дарогу Пану”,

як сказаў прарок Ісая».

24А пасланцы былі з фарысеяў. 25І яны спыталіся ў яго: «Тады чаму ты хрысціш, калі ты ні Хрыстус, ні Ілля і ні прарок?» 26Ян сказаў ім у адказ: «Я хрышчу вадою. А сярод вас стаіць той, каго вы не ведаеце, 27той, хто ідзе за мною, якому я няварты развязаць раменьчык на сандалях Ягоных». 28Сталася гэта ў Бэтаніі, за Ярданам, дзе хрысціў Ян.