Ян 14:7-14

7Калі вы ведаеце Мяне, то будзеце ведаць і Айца Майго. І адгэтуль ужо Яго ведаеце і бачылі».

8Філіп кажа Яму: «Пане, пакажы нам Айца, і хопіць нам». 9Адказаў яму Езус: «Філіпе, столькі часу Я з вамі, а ты не ведаеш Мяне? Хто бачыў Мяне, бачыў Айца. Дык чаму ты кажаш: “Пакажы нам Айца?” 10Ці ты не верыш, што Я ў Айцу і Айцец ува Мне? Словы, што Я кажу вам, не ад сябе кажу. Айцец, які ўва Мне, Ён чыніць справы. 11Верце Мне, што Я ў Айцу і Айцец ува Мне. А калі не, то верце дзеля саміх спраў. 12Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, будзе рабіць справы, якія Я раблю, і большыя за іх зробіць, бо Я іду да Айца. 13І тое, аб чым папросіце ў імя Маё, Я зраблю гэта, каб уславіўся Айцец у Сыне. 14Калі аб чым папросіце Мяне ў імя Маё, Я зраблю гэта.