Ян 20:2-8

2Тады пабегла і прыйшла да Сымона Пятра і да другога вучня, якога любіў Езус, і сказала ім: «Забралі Пана з магілы, і не ведаем, дзе паклалі Яго!» 3Тады выйшаў Пётр і другі вучань, і пайшлі да магілы. 4Пабеглі абодва разам. Другі вучань пабег наперадзе хутчэй за Пятра і прыбыў да магілы першы. 5Заглянуўшы, убачыў, што ляжаць палотны, аднак не ўвайшоў. 6Тады прыйшоў услед за ім Сымон Пётр, увайшоў у магілу і ўбачыў палотны, якія там ляжалі, 7і хусту, якая была на галаве Ягонай, не з палотнамі яна ляжала, а асобна, скручаная на іншым месцы. 8Тады ўвайшоў і другі вучань, што прыбег першы да магілы, убачыў і паверыў.