Ян 4:43-54
43Праз два дні Езус выйшаў адтуль і пайшоў у Галілею. 44Бо сам Езус сведчыў, што прарок не мае пашаны на сваёй бацькаўшчыне. 45Калі ж прыйшлі ў Галілею, то галілейцы прынялі Яго, убачыўшы ўсё, што Ён зрабіў у Ерузалеме на свята, бо і яны хадзілі на свята.
46Так Езус зноў прыйшоў у Кану Галілейскую, дзе перамяніў ваду ў віно. І быў адзін прыдворны, у якога хварэў сын у Кафарнауме. 47Пачуўшы, што Езус прыбывае з Юдэі ў Галілею, ён пайшоў да Яго і прасіў прыйсці і вылечыць ягонага сына, які паміраў. 48Езус жа сказаў яму: «Калі не ўбачыце знакаў і цудаў, не паверыце». 49Прыдворны кажа Яму: «Пане, прыйдзі, пакуль не памерла дзіця маё». 50Езус адказаў яму: «Ідзі, сын твой жывы». Чалавек паверыў слову, якое сказаў яму Езус, і пайшоў. 51Калі быў яшчэ ў дарозе, слугі ягоныя сустрэлі яго і сказалі, што сын ягоны жыве. 5252 Тады распытваў іх, у якую гадзіну яму палепшала? Яму сказалі: «Учора а сёмай гадзіне гарачка пакінула яго». 5353 Тады бацька зразумеў, што гэта была тая самая гадзіна, калі Езус сказаў яму: «Жыве сын твой». І паверыў ён сам і ўвесь дом ягоны. 54Гэта быў другі знак, які ўчыніў Езус, калі прыйшоў з Юдэі ў Галілею.
“Copyright © 2021 National Council of Churches of Christ in the United States of America. Used by permission. All rights reserved worldwide.”