Ян 6:1-15

1Пасля гэтага Езус адышоў за Галілейскае, або Тыберыядскае мора. 2Ішло за Ім мноства людзей, таму што бачылі знакі, якія чыніў над хворымі. 3 І ўзышоў Езус на гару, і сядзеў там са сваімі вучнямі. 4А набліжалася Пасха, юдэйскае свята. 5 Калі Езус узняў вочы і ўбачыў, што мноства людзей ідзе да Яго, сказаў Філіпу: «Дзе нам купіць хлеба, каб накарміць іх?» 6А казаў гэта, выпрабоўваючы яго, бо сам ведаў, што збіраўся рабіць. 7Філіп адказаў Яму: «Хлеба на дзвесце дынараў не хопіць ім, каб кожнаму дасталося хоць крыху!» 8Кажа Яму адзін з вучняў Ягоных, Андрэй, брат Сымона Пятра: 9«Ёсць тут адзін хлопец, які мае пяць ячменных хлябоў і дзве рыбіны, але што гэта для такога мноства?» 10Езус сказаў: «Загадайце людзям сесці». А было на тым месцы шмат травы. І селі людзі, якіх было каля пяці тысяч. 11Езус узяў хлябы і, узнёсшы падзяку, раздаў тым, хто сядзеў; таксама і рыбы, колькі хто хацеў. 12А калі насыціліся, кажа вучням сваім: «Збярыце кавалкі, што засталіся, каб нічога не змарнавалася». 13Яны сабралі і напоўнілі дванаццаць кашоў кавалкамі з пяці ячменных хлябоў, якія засталіся ў тых, хто еў. 14Калі ж людзі ўбачылі, які знак учыніў Езус, казалі: «Ён сапраўды прарок, які павінен прыйсці на свет!»

15Калі Езус даведаўся, што хочуць прыйсці і схапіць Яго, каб зрабіць каралём, зноў адышоў на гару адзін.