Ян 8:12-20

12І зноў прамовіў да іх Езус, кажучы: «Я — святло свету. Хто ідзе за Мною, той не будзе хадзіць у цемры, але будзе мець святло жыцця». 13Тады фарысеі сказалі Яму: «Ты сам пра сябе сведчыш, таму сведчанне Тваё непраўдзівае». 14Езус сказаў ім у адказ: «Нават калі Я сведчу сам пра сябе, сведчанне Маё праўдзівае, бо Я ведаю, адкуль прыйшоў і куды іду. А вы не ведаеце, адкуль Я прыйшоў і куды іду. 15Вы судзіце паводле цела; Я не суджу нікога. 16А калі Я і суджу, то суд Мой праўдзівы, таму што Я не адзін, але Я і Айцец, які паслаў Мяне. 17І ў Законе вашым напісана, што сведчанне двух чалавек праўдзівае. 18Я і сам сведчу пра сябе, і сведчыць пра Мяне Айцец, які паслаў Мяне». 19Тады яны сказалі Яму: «Дзе Айцец Твой?» Езус адказаў: «Вы не ведаеце ні Мяне, ні Айца Майго. Калі б вы ведалі Мяне, ведалі б і Айца Майго». 20Гэтыя словы Езус сказаў каля скарбніцы, калі вучыў у святыні. І ніхто не схапіў Яго, бо яшчэ не настала Ягоная гадзіна.