Лк 1:39-56
39Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну, у горад Юды. 40Яна ўвайшла ў дом Захарыі і прывітала Альжбету. 41Калі Альжбета пачула прывітанне Марыі, узварухнулася дзіцятка ва ўлонні яе, і напоўнілася Альжбета Духам Святым. 42Яна ўсклікнула моцным голасам і сказала: «Благаслаўлёная Ты між жанчынамі і благаслаўлёны плод улоння Твайго. 43Адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне? 44Бо калі голас прывітання Твайго загучаў у вушах маіх, узварухнулася радасна дзіцятка ва ўлонні маім. 45І шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Панам».
46І сказала Марыя:
«Велічае душа мая Пана,
47і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцу 48бо глянуў Бог на пакору сваёй слугі. І цяпер благаслаўляць мяне будуць усе пакаленні. 49Бо вялікае ўчыніў мне Усемагутны, а імя Яго святое. 50І міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне над тымі, хто Яго баіцца. 51Паказаў моц сваёй правіцы, рассеяў тых, хто пыхлівы сэрцам. 52Скінуў магутных з трона і ўзвысіў пакорных. 53Дабром галодных насыціў, а багатых ні з чым адправіў. 54Прыняў свайго слугу Ізраэля, памятаючы пра сваю міласэрнасць, 55як абяцаў бацькам нашым, Абрагаму і яго патомству навекі».
56Прабыла Марыя ў Альжбеты каля трох месяцаў і вярнулася ў свой дом.
“Copyright © 2021 National Council of Churches of Christ in the United States of America. Used by permission. All rights reserved worldwide.”